Журналіста Буракова выклікаюць у СК для апытання па справе аб паклёпе



 Магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова, які 1 чэрвеня выйшаў на волю пасля 20-сутачнага адміністрацыйнага арышту, выклікаюць у Следчы камітэт для апытання па справе аб паклёпе на супрацоўніка ведамства.

Як паведаміў БелаПАН Буракоў, ён павінен з’явіцца 4 чэрвеня ў міжраённы аддзел СК. Следчы Уладзіслаў Каміла растлумачыў яму па тэлефоне, што справа распачатая на падставе арт. 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп) за распаўсюджванне невядомымі несапраўдных звестак пра яго калегу, які звярнуўся з заявай аб пакаранні зламыснікаў.

Буракоў таксама праходзіць сведкам па справе аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). У сувязі з гэтай справай дапытваюць актывістаў, якія маюць дачыненне да пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”. У Магілёве гэтым займаецца супрацоўнік Следчага камітэта, які напісаў заяву аб распаўсюджванні несапраўдных звестак пра яго.

Паводле слоў мясцовых праваабаронцаў, акрамя Буракова ў СК выклікалі магілёўцаў Таццяну Жывіцу і Барыса Бухеля (вядомы ў горадзе праваабаронца).

Буракова, які супрацоўнічае з медыякампаніяй „Нямецкая хваля”, а таксама яшчэ аднаго магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча затрымалі 12 траўня, у першы дзень закрытага працэсу па справе „групы Севярынца” ў абласным судзе. Абодва былі арыштаваныя на 20 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне. У ізалятары яны абвясцілі галадоўку ў сувязі з дрэннымі ўмовамі ўтрымання. Лапцэвіч галадаў тры дні, Буракоў — сем. З-за рэзкага пагаршэння здароўя (у Лапцэвіча павысіўся артэрыяльны ціск, у Буракова пачалася арытмія) яны былі вымушаныя спыніць акцыю пратэсту.

Выйшаўшы на волю, журналісты паведамілі, што 20 сутак спалі на голых дошках, двойчы за ноч іх будзілі, а днём выводзілі ў калідор, прымушалі распранацца дагала і ставілі на расцяжку, пры гэтым білі па нагах, калі ногі былі недастаткова шырока расстаўленыя.

belapan.by