Журналіста Дзяніса Івашына не выпусцілі з-пад варты на пахаванне бабулі



Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына, які знаходзіцца пад вартай, не дазволілі прысутнічаць на пахаванні яго бабулі.

Як паведаміла БелаПАН яго маці Людміла Івашына, бабуля Дзяніса памерла 26 траўня. У гэты ж вечар Людміла Івашына патэлефанавала следчаму, які вядзе справы яе сына, і спытала, ці можа Дзяніс прысутнічаць на пахаванні. „Следчы сказаў катэгарычнае „не”, — адзначыла Людміла Івашына.

На наступны дзень, паводле слоў жанчыны, ёй з закрытага нумара патэлефанаваў чалавек „ад следчага” і сказаў, што яны параіліся і вырашылі адпусціць Івашына на пахаванне. Пры гэтым супрацоўнік двойчы ўдакладніў час і месца пахавання.

У дзень пахавання маці журналіста зноў патэлефанавала следчаму, каб удакладніць, ці будзе сын на пахаванні, але следчы адказаў, што не ён прымаў такое рашэнне і яго толькі паставілі перад фактам. „Мы да апошняга не ведалі, ці прывязуць Дзяніса. Яго не прывезлі”, — сказала Людміла Івашына.

Паводле яе слоў, сын даглядаў бабулю, „вельмі моцна любіў яе, як і яна яго”. „Гэта нечалавечае стаўленне — гуляць на такім горы. Але амаральнасць іх супрацоўнікаў нікога не здзіўляе”, — лічыць Івашына.

Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка ў сваёй гарадзенскай кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў яго маці, а 15 сакавіка — у яго 95-гадовай бабулі.

19 сакавіка Івашыну выставілі абвінавачанне на падставе арт. 365 Крымінальнага кодэкса — нібыта за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы.

18 траўня тэрмін утрымання журналіста пад вартай быў працягнуты на два месяцы.

Праваабаронцы прызналі Івашына палітвязнем. Яны адзначаюць, што яго дзейнасць у межах журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі „Беркут” у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) мела законную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая ўяўляе сацыяльную значнасць. Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц.

belapan.by