Журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага зноў пакаралі штрафам
Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Суддзя Цэнтральнага раённага суда Віктар Казачок палічыў аператара вінаватым у “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса. Справа разглядалася менш за 10 хвілін. Кастусь Жукоўскі заўважае, што яго нават па фармальных падставах не мелі права прыцягваць да адказнасці.
– У мяне няма на сённяшні момант нейкіх пісьмовых дамоў нават з News information. І тое, што я, напрыклад, дапамагаю свайму былому калегу Андрэю Толчыну тэмамі, падказваю, як лепей зняць – то гэта мой грамадзянскі абавязак, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Так, гэтае відэа ёсць і на “Белсаце”, дасылаюць людзі, і я раней дасылаў. А што тут супрацьзаконнага. На падставе 34-га артыкула Канстытуцыі я маю права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.
За апошні тыдзень у дачыненні да Кастуся Жукоўскага, які спецыялізуецца на асвятленні сацыяльных праблем, склалі 5 пратаколаў за супрацу са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”.
Беларускае Радыё Рацыя