Журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца будуць судзіць 5 і 8 красавіка
Журналіст Яўген Скрабец з’явіўся па позве ў пастарунак міліцыі №1 па адрасе вуліца Савецкая, 6. Там Яўген дазнаўся, што бліжэйшым часам у судзе Ленінскага раёна Берасця адбудзецца чарговы разгляд адміністрацыйнай справы ў адносінах яго, за парушэнне ч.2 артыкула 22.9 КоАП РБ.
Журналісты акрэсліваюць гэты артыкул як „праца на замежныя СМІ без акрэдытацыі”:
– Участковы з прозвішчам Клышко, які ўжо складаў на мяне пратакол, але пасля мінулага судовага паседжання пратакол быў накіраваны на дапрацоўку, ён выклікаў мяне яшчэ раз, каб ужо даць мне копію выпраўленага пратакола. Я дазнаўся, што суд па гэтай справе за матэрыял, які выйшаў на сайце Беларускага Радыё Рацыя пра выставу ў Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі, адбудзецца ў панядзелак.
Публікацыя артыкула пра выставу адбылася 20 лютага. 29 сакавіка Яўгена Скрабца ўжо спрабавалі пакараць па гэтай адміністрацыйнай справе. Тады суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Ала Вінаградава пастанавіла адправіць пратакол на дапрацоўку. Сведкамі па справе выступаюць дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музею Аляксей Міцюкоў і гісторык і археолаг Аляксандр Башкоў. Пачатак разгляду 8 красавіка ў 11:00. Акрамя таго, па гэтым самым артыкуле і частцы КоАП РБ, ужо заўтра, 5 сакавіка ў 15:00 у адносінах да журналіста разгледзяць яшчэ адну адміністрацыйную справу, але ўжо ў судзе Берасцейскага раёна. За матэрыял з КПП акумулятарнага завода „АйПаўэр”, які з’явіўся на сайце Беларускае Радыё Рацыя таксама 20 лютага.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце