Іллю Дабратвора не затрымлівалі, яго дапыталі ў Следчым камітэце
Журналіст Ілля Дабратвор не быў затрыманы, яго выклікалі на допыт у Следчы камітэт.
Раніцай 17 траўня ў тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя аб затрыманні Дабратвора. Паведамлялася, што ён паспеў патэлефанаваць і сказаць пра сваё затрыманне.
„Я нікуды не тэлефанаваў, — паведаміў Дабратвор БелаПАН. — Гэта нейкая незразумелая правакацыя. Прычым гэта правакацыя ад чалавека, які канкрэтна ведаў, што мне ў пятніцу тэлефанаваў следчы і што я ў панядзелак раніцай іду на допыт. Я нікуды не тэлефанаваў і не паведамляў, што мяне затрымліваюць”.
Паводле слоў Дабратвора, яго выклікалі на допыт у сувязі з справай паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці) з-за расклееных у пад’ездзе партрэтаў палітвязняў, па якой сведкай праходзіць яго жонка Іна Дабратвор.
Допыт прайшоў ва ўпраўленні СК па Заводскім раёне Менска, падпіску аб неразгалошванні з Дабратвора не бралі. „Мяне апыталі, але палова пытанняў не мела дачынення да гэтай справы ніякага, а тычылася хутчэй маёй дзейнасці”, — адзначыў Дабратвор.
Летась журналіста некалькі разоў затрымлівалі падчас акцый пратэсту, якія ён асвятляў.
Суд Заводскага раёна Менска ў сакавіку і красавіку аштрафаваў яго жонку агулам на 400 базавых адзінак (11.600 рублёў) за вывешаныя на акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і герб „Пагоня”. Акрамя таго, у межах даследчай праверкі паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці) з-за расклееных у пад’ездзе партрэтаў палітвязняў у яе дома прайшлі вобшукі. Іна Дабратвор цяпер знаходзіцца не ў Беларусі.