Журналіста Яўгена Скрабца выклікаюць у міліцыю
Журналіста Яўгена Скрабца выклікаюць у РАУС Берасцейскага раёна, у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Пра гэта ён дазнаўся з тэлефоннай размовы з чалавекам, які прадставіўся супрацоўнікам дадзенай установы, а таксама з атрыманай праз Viber позвы.
Па папярэдняй інфармацыі (ад чалавека), праводзіцца праверка па факце парушэння артыкула 22.9 КоАП РБ, за матэрыял, размешчаны на сайце „Беларускага Радыё Рацыя” пад назвай: „Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”. Матэрыял тычыўся сітуацыі вакол акумулятарнага завода „АйПаўэр”.
Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Акрамя беларускага права ёсць яшчэ і міжнароднае права. І яно якраз замацоўвае права грамадзян на распаўсюд і атрыманне праўдзівай, аб’ектыўнай інфармацыі. Гэта таксама адлюстравана і ў нашай Канстытуцыі. І калі пачынаюць караць за рэалізацыю гэтага права журналістаў, гэта наўпрост парушае права як унутранае, так і міжнароднае.
Яўген Скрабец як законапаслухмяны грамадзянін збіраецца наведаць згаданы РАУС 2 красавіка ў 15:30 па-беларускім часе. „Гэта ўжо шосты выклік мяне ў міліцыю па згаданым артыкуле з наступнай перадачай справы ў суд за апошнія два гады. Апошні разгляд справы не пацвердзіў факта правапарушэння, аднак сілавікі ўсё ніяк не супакояцца. Таму, лічу гэта спланаваным пераследам, з мэтаю перашкодзіць маёй прафесійнай дзейнасці і канстытуцыйнаму праву па аб’ектыўным асвятленні грамадска-палітычнай, эканамічнай і культурнай сітуацыі ў Беларусі”, – рэзюмаваў Яўген Скрабец.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце