Журналіста Яўгена Скрабца зноў будуць судзіць



4 лютага а 10:00 суд Маскоўскага раёна Берасця разгледзіць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да журналіста Яўгена Скрабца.

Яго вінавацяць у парушэнні „журналісцкага” артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

Адпаведнае пісьмовае паведамленне яму ўручыў участковы інспектар міліцыі Маскоўскага РАУС горада Берасця Леанід Кулічык. Каментуе Яўген Скрабец:

– Звязваю гэты пераслед з агульнай хваляй ціску на журналістаў, як у рэгіёнах, так і ў сталіцы. З банальнай мэтай нагадаць, хто ў доме гаспадар і такім чынам папоўніць бюджэт. Шчыра ўпэўнены, што гэта не была прыватная ініцыятыва міліцыі пакараць мяне за такое „злачынства”, але я веру ў лепшае. Дваццаць першае стагоддзе на двары, рана ці позна, калі не людзі, то час прымусіць нашых законатворцаў пераглядзець гэты артыкул, пераглядзець падыход да разгляду гэтых справаў.

У размове з журналістам, інспектар міліцыі прызнаўся што ў праваахоўнікаў няма прэтэнзіяў да зместу матэрыяла, а толькі да факту ягонага з’яўлення на сайце „Беларускае Радыё Рацыя”. Згодна складзенаму пратаколу, парушэнне датычыць з’яўлення ў інтэрнэце артыкулу пра выставу арганізаваную Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Берасці, якая праходзіла ў Берасцейскім тэхнічным універсітэце. Сведкай, якая нібыта бачыла Яўгена Скрабца за працай, пазначана Таццяна Стралкова.

„Не ведаю пра што Таццяна Стралкова можа засведчыць, бо ў згаданым артыкуле аўтар не пазначаны. А на публічныя мерапрыемствы, такія як выставы, грамадзянам Рэспублікі Беларусь хадзіць з фотакамерай і тэлефонам не забараняецца”, – падсумаваў Яўген Скрабец.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце