Юрыя Дзешука Лідскі раённы суд засудзіў да 4-х базавых штрафу (абнаўляецца)



Юрыя Дзешука Лідскі раённы суд засудзіў да 4-х базавых штрафу.

***

Журналіста-фрылансера з Бярозаўкі Юрыя Дзешука, які супрацоўнічае з нашым радыё, збіраюцца судзіць у Лідзе 23 верасня 2020 года па артыкуле 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).

Юры адзначае, што ніякага  ўдзелу ў мерапрыемстве ён не прымаў:

– Я быў зафіксаваны на відэа- і фотаздымцы ў Лідзе ў раёне правядзення масавага мерапрыемства каля Фарнага касцёла. Выклікалі ў РАУС, склалі пратакол. Тое, што я канкрэтна ўдзельнічаў у мерапрыемстве, я адмаўляю. Я проста ішоў побач з мерапрыемствам за Беларусь, якое адбывалася. І быў зафіксаваны. Бо шлях ад вакзала, куды я прыехаў, якраз пралягае праз месца, дзе ў Лідзе якраз збіраюцца прыхільнікі пераменаў.

Па словах журналіста, ён ніяк не можа прадказаць, што прысудзіць яму лідскі суддзя:

– Учора і сёння адбыліся суды над двума актывістамі з Бярозаўкі, ім прысудзілі па 15 сутак. Гэта Вітольд і Андрэй Ашуркі – браты. Што мне будзе, я не ведаю. Буду актыўна абараняцца. Я да гэтага падрыхтаваўся з самага пачатку. Бо, сапраўды, фактычнага ўдзелу ў масавым мерапрыемстве я не прымаў.

Суд над журналістам адбудзецца ў судзе Лідскага раёна 23 верасня 2020 года ў 9.45. Судзіць Юрыя Дзешука будзе суддзя Федаровіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча