Журналіста застрашвалі з-за сюжэта на „Белсаце”



“Першы раз за час усёй маёй журналісцкай працы мяне зняважылі”, – кажа незалежны журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач. Каля адной з крамаў Глыбокага яго абразіў і імкнуўся застрашыць старшыня сельгаспрадпрыемства “Канстанцінаў двор” Юры Вахавіч.

Яму не спадабаўся сюжэт пра ферму на тэрыторыі яго гаспадаркі, які выйшаў на тэлебачанні “Белсат” яшчэ ўзімку.

Паводле незалежнага журналіста Змітра Лупача, сюжэт быў пра тое, што цяляты стаялі зімой амаль пад адкрытым небам, дах на ферме ўяўляў сабой сапраўднае рэшата:

– Чалавек за мной стаў у чаргу, наступіў мне на нагу: „Прывітанне зямляк”. Чалавека не ведаю, абазваў мяне рэшатам, пагражаў мне. Я не мог зразумець, выйшаў на вуліцу, калі ён набыў штосьці ў краме. Падышоў, спытаў: „У чым справа?”. Ён сказаў: „А памятаеш рэпартаж пра ферму ў Разанаве? Яшчэ раз сунешся на маю ферму, пяняй на сябе”. Піхнуў мяне жыватом і паехаў.

У сваю чаргу старшыня сельгаспрадпрыемства Юры Вахавіч сказаў, што ён нічога не ведае, што ўсё гэта са слоў толькі самаго журналіста і што ён увогуле адмаўляе гэты інцыдэнт.

Паводле юрыста “Беларускай асацыяцыя журналістаў” Алега Агеева, заява ў міліцыю не будзе эфектыўным механізмам. Калі ёсць падстава і доказы, лепш падаваць зыск у суд:

– Збіраць доказы заўсёды складана па любой справе. Ёсць куча доказаў – ёсць паказанні сведкаў, магчыма аўдыё-відэазапісы, якія былі зроблены. Магчыма гэта відэа ці фота, якое рабілася кімсьці з відавочцаў гэтага інцыдэнта. Магчыма гэта нейкія дыктафонныя запісы, якія пацвярджаюць сутнасць. У грамадзянскім працэсе пацярпелы сам павінен клапаціцца пра доказы, каб прадставіць іх суду.

Па словах Алега Агеева, вельмі часта журналісты скардзяцца на падобныя інцыдэнты з прадстаўнікамі ўлады. Але вельмі рэдка журналісты гатовыя бараніць свае парушаныя правы і ісці да канца, каб атрымаць сатысфакцыю па такому роду спраў.

Беларускае Радыё Рацыя