Журналіста Змітра Галко асудзілі на 4 гады «хіміі»
Журналіст Зміцер Галко прыгавораны да чатырох гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу (так званая „хімія”). Такое рашэнне прыняў 17 ліпеня суд Савецкага раёна Менска.
Галко быў вызвалены ў зале суда.
Журналіст Зміцер Галко, былы супрацоўнік незалежнай газеты „Новы час„ і іншых выданняў, у тым ліку ўкраінскіх, вядомы серыяй рэпартажаў з вайны на ўсходзе Украіны, асуджаны на 4 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд Савецкага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у гвалце супраць супрацоўніка міліцыі. Галко, які амаль тры месяцы знаходзіўся пад вартай, быў вызвалены ў зале суду пад падпіску аб нявыездзе.
З прысудам ён не згодзен, але ці будзе абскарджваць яго, пакуль не вырашыў
— Адзінае што я магу сказаць, я не прызнаю сваю віну дасюль поўнасцю. Мае рэзоны зразумелыя, бо я магу зрабіць сабе горш. Не тое, каб я гэтага хацеў, але мы параімся з адвакатам. Я хацеў так, але мне трэба выслухаць іншых людзей. Палітычны складнік тут быў ад самага пачатку. Калі б яго не было, гэтага прысуду не было б наогул ніякага. Мяне б або апраўдалі, або далі б нейкі арышт ці нешта такое. Там доказаў нават ніякіх няма, адны супярэчнасці.
Канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі здарыўся ў лістападзе мінулага году. Падчас святкавання дня народзінаў непаўнагадовага сына Змітра Галко ў кватэру, дзе святкаванне адбывалася, пазванілі, а потым увайшлі супрацоўнікі міліцыі, — быццам суседзі паскардзіліся на моцны шум. Зміцер Галко спачатку ўпусціў іх, а потым патрабаваў пакінуць кватэру. Міліцыянеры сцвярджалі, што ён ударыў аднаго з іх, быў п’яны, што п’янымі былі і некаторыя непаўнагадовыя у кватэры. Сам Зміцер Галко гэта адмаўляе. У выніку неўзабаве супраць яго была распачата крымінальная справа.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nn.by