Журналіста Змітра Казакевіча выпусцілі з СІЗА, але суд над ім яшчэ не скончаны
Незалежнага журналіста Змітра Казакевіча затрымалі ў мінулую нядзелю, трое сутак ён правёў за кратамі, але суддзя Міхаіл Юрчанка не стаў судзіць яго паводле тых пратаколаў, што склалі міліцыянты. Журналіста, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, вінавацяць паводле двух артыкулаў адміністрацыйнага заканадаўства: за непадпарадкаванне міліцыянтам, якое ён нібыта аказваў падчас затрымання, і за парушэнне “журналісцкага “ артыкула 22.9 – за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Таго, што ён з’яўляецца журналістм-фрылансерам, Зміцер Казакевіч не адмаўляе. Але непадпарадкавання, паводле ягоных словаў, не было:
– Пасля таго, як ты літаральна хвіліну таму зняў камізэльку “Прэса”, ужо адной нагой, лічы, ужо дома, да цябе падыходзяць людзі ў цывільным… Прычым ніхто не прад’яўляў мне нейкіх законных, як яны пішуць у пратаколах, патрабаванняў, на якія я нібыта не падпарадкаваўся. Проста сталі вакол і сказалі: “Мы па вас”. І ўсё.
У следчым ізалятары Зміцер Казакевіч адбыў 72 гадзіны – роўна столькі, колькі беларускае заканадаўства дазваляе трымаць абвінавачанага ў адміністрацыйным правапарушэнні да суду. А сам судовы працэс заняў усяго 15 хвілін: суддзя накіраваў справы журналіста на дапрацоўку ў міліцыю. І гэта ўжо не першы выпадак, калі журналіста спачатку трымаюць пад вартай, а потым шукаюць падставаў, каб асудзіць. Чаму так адбываецца? Разважае адна з прысутных на судзе, спадарыня Людміла:
– Зміцер бывае і на судах – асвятляе судовыя працэсы, і на акцыях, маршах, якія праходзяць у Віцебску. Таму на яго палююць. Гэта паляванне на журналістаў. Ціснуць на іх, каб меней асвятлялі падзеі, каб людзі меней ведалі праўды. Гэта проста такі ціск на журналістаў.
Два тыдні таму дома ў Змітра Казакевіча правялі ператрус і забралі ўсю аргтэхніку, якой ён мог карыстацца для працы. А падчас апошняга затрымання сканфіскавалі мабільны тэлефон – сказалі, што будуць шукаць у ім доказы ягонай незаконнай журналісцкай дзейнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск