Журналіста Змітра Лупача пакаралі штрафам
40 базавых велічынь штрафу прысудзіла суддзя Аксана Табола глыбоцкаму журналісту Змітру Лупачу. Суд над журналістам-фрылансерам адбыўся ў Шаркоўшчыне. Яго зноў прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.
Падставай стаў сюжэт пра дзіцячую пляцоўку ў Шаркоўшчыне для гумарыстычнай перадачы “Суб’ектыў”.
Як кажа Зміцер Лупач, ціснуць на журналістаў “Белсата” кропкава, пакуль не даціснуць. Але ён не збіраецца ў бліжэйшы час перапыняць сваю супрацу з “Белсатам”.
– Не спадзяваўся на іншы вынік, бо гэта мой аўтарскі матэрыял, там я ў кадры прысутнічаю. Таму бессэнсоўна было гаварыць, што гэта не я. Раней за “Суб’ектыў” мяне не судзілі, але зараз, відаць, спадабалася пляцоўка.
Нагадаем, па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі) у Змітра Лупача сёлета гэта было ўжо чацвёртае пасяджэнне. У Паставах суд яго пакараў 42 базавымі велічынямі штрафу, у Глыбокім адбыліся два судовыя працэсы, але ў выніку суд штраф журналісту не прысудзіў. А цяпер у Шаркоўшчыне яму прысудзілі сплаціць у даход дзяржавы 1080 беларускіх рублёў штрафу. Нават адразу пасля суда ў зале пасяджэнняў далі і дадзеныя разліковага рахунку.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя