Журналістам „Белсату” абмежавалі выезд з Беларусі
Журналістцы Вользе Чайчыц і аператару Андрэю Козелу, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам „Белсат”, абмежаваны выезд з Беларусі. Пра гэта ім паведаміла 11 верасня судовы выканаўца Яна Васюк.
Як паведамляе сайт „Белсата”, афіцыйнай прычынай забароны сталі штрафы, накладзеныя на журналістаў за супрацоўніцтва з замежным тэлеканалам без акрэдытацыі. Чайчыц і Козел паказалі судоваму выканаўцу квітанцыі аб выплаце ўсіх штрафаў, але ў адказ ім заявілі, што немагчыма праверыць, ці ўся сума выплачаная, бо „не працуе база”. Судовы выканаўца таксама папрасіла прывезці ўсё квітанцыі аб выплаце штрафаў за мінулы год. Пры гэтым зняць абмежаванне на выезд можна будзе не раней чым запрацуе база, а калі гэта адбудзецца, невядома.
Між тым на наступным тыдні ў Чайчыц запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыі „Рэпарцёры без межаў” і парламентарыямі ў Парыжы. Затым журналістка мела намер наведаць Брусель, дзе ў яе сустрэчы ў Еўрапарламенце і Еўракамісіі. Падчас гэтых сустрэч Чайчыц збіралася расказаць пра сітуацыю са СМІ ў Беларусі. Журналістка лічыць, што сапраўдная прычына забароны на выезд з краіны — не дапусціць гэтых сустрэч.
Варта адзначыць, што 10 верасня Вольга Чайчыц была зноў аштрафаваная — суд Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць) пастанавіў спагнаць з яе 980 рублёў за фотарэпартаж з пікета абаронцаў Курапатаў каля рэстарана „Паедзем паядзім”. Гэта ўжо дзясяты з пачатку 2018 года штраф для Чайчыц. Агульная сума штрафаў, накладзеных на журналістку, дасягнула 8 тысяч 330 рублёў. БелаПАН
Фота: belsat.eu