Журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава выклікаюць у суд
На сябру беларускай асацыяцыі журналістаў, Алеся Кіркевіча. складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за „незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі для замежнага сродку масавай інфармацыі”.
Падставай стаў відэасюжэт на тэлевізійным канале Белсат з культурнай імпрэзы ў выставачнай залі Гародні.
Алесь Кіркевіч у пастарунку адмовіўся даваць паказанні старэйшаму лейтэнанту міліцыі Аляксею Вайцешку. На працягу тыдня – журналіст чакае выкліку ў суд.
Гаворыць Алесь Кіркевіч:
– Згодзен з тым, што я там быў, што браў інтэрв’ю, але я не “вырабляў інфармацыйны матэрыял, не вырабляў сюжэт”. Паводле артыкула 22.9 я лічу, што я не падлягаю адказнасці, бо гэта адказнасць не фізічных асобаў, а адказнасць рэдакцыі. Я лічу, што гэта некарэктны працэс у адносінах тых людзей, якіх прыцягнулі да адказнасці.
Адміністрацыйная справа распачата таксама і супраць яшчэ аднаго сябра БАЖ – Алеся Дзянісава.
У красавіку гэтага году, сяброў Беларускай Асацыяцыі журналістаў Алеся Кіркевіча ды Алеся Дзянісава міліцыя ўжо прыцягвала да адказнасці паводле арт. 22.9 частка 2. Кодэкса пра адміністрацыйныя правапарушэнні , а суд пакараў іх буйным штрафам.
Беларускае Радыё Рацыя