Журналістаў аштрафавалі, а дарогу так і не зрабілі
Суддзя Віцебскага райсуда Ганна Ігнаценка пастанавіла аштрафаваць незалежных журналістаў Алену Шабуню і Зміцера Лупача за сюжэт пра падманутых жыхароў вёскі Шэвіна Віцебскага раёну, паказаны на тэлеканале “Белсат”. Вяскоўцы напісалі заявы, што не будуць удзельнічаць у сёлетніх парламенцкіх выбарах, бо кіраўніцтва вобласці і раёну не рэагуе на даўнюю праблему: ім забаранілі праход па тэрыторыі санаторыя “Лётцы”, праз які пралягае найкарацейшы шлях у суседнія Малыя Лётцы, дзе ёсць крама, пошта, аптэка ды іншыя аб’екты сацыяльнага прызначэння. Цяпер, каб трапіць туды, сталым людзям даводзіцца ісці ў абыход на 3 кіламетры болей.
Сюжэт выйшаў напярэдадні выбараў, і менавіта таму адміністрацыйныя справы супраць журналістаў былі пачатыя ў рэкордна кароткія тэрміны, мяркуе Зміцер Лупач:
– 16-га выйшаў гэты сюжэт, а ўжо 17-га , а гэта была нядзеля, дарэчы, ужо завялі справу, пачалі апытваць людзей… Я думаю, што ўладам гэта ўсё не спадабалася, бо каб людзі проста не пайшлі на выбары, то за іх укінулі б бюлетэні, і ўсё. А тут жа ўсе пабачылі, што людзі напісалі заявы, што не пойдуць.
Вяскоўцаў выклікалі на суд у якасць сведак. І для іх было шокам, што журналістаў, якія спрабавалі дапамагчы, за гэта ж і судзяць, кажа Антаніна Зайцава, старэйшына вёскі Шэвіна:
– Я адмовілася галасаваць па прычыне таго, што мне ніводзін дэпутат ні разу не дапамог! Пяць год ходзім, просім, пішам… У мяне столькі папер сабралася, што можна імі кватэру абклеіць! А тут судзілішча зладзілі над тымі, хто хацеў нам дапамагчы!
Да слова, праблема з дарогай так і не вырашылася, а вынікам суда, які працягваўся 4 гадзіны, сталі буйныя штрафы. Алену Шабуню аштрафавалі на 32 базавыя велічыні, што складае 816 рублёў, а Зміцера Лупача – на 42 базавыя велічыні, гэта 1071 рубель. За парушэнне артыкула 22.9 абодвух сёлета штрафуюць ужо не ўпершыню: для Зміцера гэта ўжо чацвёрты суд , а для ягонай калегі – другі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя