Журналістаў «Белсата» аштрафавалі за працу без акрэдытацыі



Карэспандэнты тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Максім Калітоўскі пакараныя штрафамі па 50 базавых велічынь (1.350 рублёў) кожны.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, суд Кастрычніцкага раёна Менска разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналістаў на падставе арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ). Таксама на абодвух складзеныя пратаколы на падставе арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі). Суд адправіў іх на дапрацоўку.

Здымачную групу «Белсата» затрымалі падчас асвятлення жаночага маршу 12 верасня ў Менску, пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезлі ва УУС Кастрычніцкага раёна. У журналістаў забралі абсталяванне, ім самім пагражалі надзець наручнікі. Трое сутак Андрэева і Калітоўскі правялі ў ізалятары часовага ўтрымання і выйшлі на волю толькі пасля суда.

Беларускае Радыё Рацыя