Журналістаў “Белсату” Лунёву і Буянава пакаралі арыштам
Суд Савецкага раёну Менску ў рэжыме відэасувязі разгледзеў справу затрыманых яшчэ 8 лютага журналістаў тэлеканалу “Белсат”. На 10 сутак адміністрацыйнага арышту асуджана Любоў Буянава (Лунёва). Яе сын, тэлеаператар Зміцер Буянаў (Солтан) арыштаваны на 15 сутак.
Іх прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве – быццам у будынку Савецкага РУУС яны гучна выказвалі незадавальненне супрацоўнікамі міліцыі, называлі іх „фашыстамі” і „карнікамі”. Такі вырак, нягледзячы на шматлткія супярэчнасці ў міліцэйскіх пратаколах і сведчаннях, агучыла суддзя Марына Фёдарава:
– Суд пастанавіў Буянаву Любоў Аляксееўну на падставе арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 10 сутак. Буянава Дзмітрыя Сяргеевіча на падставе арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 15 сутак.
Зміцер Буянаў (Солтан) на пытанне суддзі, ці зразумеў ён пастанову, адказаў, што не разумее, за што яму далі 15 сутак:
Суддзя: Буянаў, вам пастанова зразумелая?
Буянаў: Не, не зразумелая. 15 сутак вы сказалі?
Суддзя: Так, 15.
Буянаў: За што?!
Суддзя: Я спыталася, зразумела вам ці не. Вашыя каментары я не пытаюся.
Віны ні Любоў Буянава, ні Зміцер Буянаў (Солтан) не прызналі. Яны заявілі, што іх справы цалкам сфальшаваны і будуць абскарджаны
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота з сайта gomel.today