Журналістаў будуць судзіць за супрацу з Белсатам



Незалежных журналістаў з Гомеля Аркадзя Малыша і Кастуся Жукоўскага будуць судзіць за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ 20 студзеня ў Карме.

Пра гэта Аркадзь Малыш даведаўся з смс-паведамлення суда Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Аналагічны выклік на 20 студзеня атрымаў і Кастусь Жукоўскі.

Раней, 22 снежня мінулага года, журналістаў Кастуся Жукоўскага і Аркадзя Малыша ў райцэнтры Карма затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, паведамляе „Гомельская Вясна„.

Затрыманне адбылося падчас падрыхтоўкі сюжэта пра праблемы з водазабеспячэннем у горадзе. Пасля гэтага для складання пратакола ў Кармянскі РАУС выклікалі Кастуся Жукоўскага, супраць якога быў складзены ўжо трэці за сёлета адміністрацыйны пратакол.

Аркадзя Малыша ў міліцыю не выклікалі, аднак цяпер выклікаюць наўпрост у суд. Абодвух журналістаў вінавацяць у парушэнні парадку вырабу прадукцыі СМІ (працу без акрэдытацыі на замежнае выданне) па арт. 22.9 КаАП.

Агулам па Беларусі гэта ўжо пятае падобнае абвінавачанне сёлета. 13 студзеня суд Гомельскага раёна аштрафаваў за супрацу з “Белсатам” незалежную журналістку Ларысу Шчыракову, а першую з трох спраў супраць Кастуся Жукоўскага разглядалі ў чацвер у Калінкавічах. Вынік слуханняў, між тым, невядомы, бо сам журналіст у Калінкавічы не паехаў, а супрацоўнікі суда паведаміць пра рашэнне па тэлефоне адмовіліся.