Журналістаў недзяржаўных СМІ выклікаюць у міліцыю



Журналістаў недзяржаўных СМІ выклікаюць у Следчы камітэт па «справе 14 ліпеня». Позву з’явіцца 6 жніўня ва ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Менску атрымаў карэспандэнт Еўрарадыё Міхаіл Ільін.

14 ліпеня ён і яго калега Арцём Маёраў былі затрыманыя ў жывым эфіры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзенні. Еўрарадыё вядома яшчэ як мінімум пра аднаго журналіста, які быў затрыманы 14 ліпеня і якога таксама выклікаюць у Следчы камітэт.

Следчая, якая выклікае Ільіна, па тэлефоне пацвердзіла яму, што выклік звязаны з акцыямі пратэсту 14 ліпеня.

На пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 14 ліпеня не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, якія набралі больш за ўсё подпісаў у сваю падтрымку.

Увечары ў розных гарадах Беларусі адбыліся мірныя вулічныя акцыі нязгоды з гэтым рашэннем ЦВК. Міліцыя затрымала ад 250 да 300 чалавек, найбольшая колькасць – у Менску. Сярод затрыманых былі паўтара дзясятка журналістаў, якіх праз тры гадзіны адпусцілі з РУУС.

Беларускае Радыё Рацыя