Журналістаў вучылі бараніць свае правы ў судзе
Са спецыфікай адміністратыўных працэсаў і паводзінамі журналістаў у судзе знаёмілі ў Полацку сябраў “Беларускай асацыяцыі журналістаў” з Віцебскага рэгіёну. У гэтым годзе па надуманых абвінавачваннях да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 28 незалежных журналістаў, у тым ліку і з Віцебшчыны.
Паводле юрыста Генадзя Воранава, апошнім часам пачасціліся выпадкі прыцягнення да адказнасці журналістаў, таму яны павінны мець самыя неабходныя навыкі абароны сябе ў судзе.
– Трэба, каб журналісты валодалі прававымі нормамі і маглі сябе бараніць хаця б на стадыі складання пратаколу, калі яшчэ немагчыма звязацца з юрыстам ці з тымі, хто аказвае прававую дапамогу сябрам БАЖ.
Акрамя юрыдычных пытанняў, журналісты закранулі пытанні салідарнасці і карпаратыўнага духу арганізацыі. Была праведзеная віктарына на веданне асноўных этапаў развіцця грамадскага аб’яднання, а глыбоцкая паэтка Марыя Баравік павіншавала арганізацыю з юбілеем яе заснавання і прачытала вершаваную оду БАЖ.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kievvlast.com.ua