Журналістаў затрымлівалі за расследаванне справы пра АЧС



Незалежных журналістаў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй пасля двух гадзінаў затрымання і складання пратакола адпусцілі.

hato0402_2 Кастусь Жукоўскі(1)_article_big

kryvaszei

Іх затрымалі напярэдадні, у час здымак  сюжэту  пра ўспышку хваробы свіней у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Калі пра прысутнасць журналістаў даведаліся мясцовыя ўлады, «па трывозе» паднялі пракуратуру і ДАІ, кажа Кастусь Жукоўскі:

–  Яны запыталі для пратакола, што мы там здымалі. Я напісаў, што паступіла інфармацыя пра свінную чуму. І я як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, ведаючы, што чыноўнікі хаваюць праўду, выйшаў праверыць. І па вашых дзеяннях, па тым, што вы паднялі пракуратуру, што ў вёску прыехаў пасля працоўнага дня кіраўнік аддзела прафілактыкі, зразумела, што яна, хутчэй за ўсё, ёсць. Інакш навошта такія сродкі былі затрачаны на ўсё гэта?..

Экіпаж ДАІ спыніў журналістаў на сельскай дарозе і больш за гадзіну «правяраў дакументы». «Мясцовыя чыноўнікі ўсяляк хочуць перашкодзіць  працы, а работнікі міліцыі патрабавалі аддаць флэшкі з відэазапісамі», – распавёў гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя