Журналістаў зноў аштрафавалі за супрацу з незалежнымі СМІ
Незалежных журналістаў зноў штрафуюць за іх прафесійную дзейнасць.
Таццяне Смоткінай прысудзілі штраф памерам 575 рублёў (25 базавых велічыняў), Змітру Лупачу 920 рублёў (40 базавых велічыняў).
Суддзя Вячаслаў Елісеенка прызнаў абодвух журналістаў вінаватымі ў „незаконным вырабе прадукцыі СМІ”, кажа Таццяна Смоткіна:
– Змітра Лупача сёння судзілі па двух справах – яго абвінавачвалі ў супрацы з „Беларускім Радыё Рацыя” і ў супрацы з тэлеканалам „Белсат”. Гэта ўжо чацьвёрты суд у яго быў менавіта па гэтым артыкуле. На судзе мы вырашылі скарыстацца артыкулам 27 Канстытуцыі Беларусі і адмовіліся сведчыць супраць сябе. Далей збіраемся абскарджваць пастанову Докшыцкага суда і далей займацца журналісцкай дзейнасцю.
Падставай для адміністрацыйнай справы і разбораў у судзе сталі матэрыялы, якія выйшлі на „Беларускім Радыё Рацыя” і тэлеканале „Белсат”. У іх распавядалася пра тое, як мясцовы грамадскі актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы за тое, каб новы цягнік „Менск — Полацак” спыняўся на станцыі Параф’янаў. У выніку гэты прыпынак Беларуская чыгунка арганізавала і мясцовыя жыхары засталіся задаволеныя. Аднак незадаволенай засталася докшыцкая міліцыя, якая ініцыявала адміністрацыйную справу супраць журналістаў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя