Журналістаў зноў не пускаюць  на “палітычны” судовы працэс



Віцебскія суды разбіраюць ужо трэцюю крымінальную справу, распачатую за гвалт над прадстаўнікамі сілавых структур падчас акцый мірнага пратэсту.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў,  гэтыя акцыі не былі мірныя, а некаторыя ўдзельнікі нават нанеслі фізічны і маральны ўрон міліцыянтам. Тое, што гэта быў адказ на міліцэйскі гвалт, у крымінальных справах не згадваецца, і суддзі імкнуцца абмежаваць колькасць прысутных на працэсах, каб прыхаваць праўду. Апошні суд не стаў выключэннем, адзначае праваабаронца Ірына Траццякова:

– Распачаўся разбор крымінальнай справы ў судзе Першамайскага раёна горада Віцебска, распачатай у дачыненні да Алега Яфрэменкі паводле падзеяй 13 верасня, калі яго затрымалі. Суддзя Наталля Карабліна не пусціла ў залу нікога, апрача адваката і – па пашпартах – 2-3 найбліжэйшых сваякоў.

13 верасня адбылася сутычка паміж міліцыянтамі і пратэстоўцамі  на праспекце Чарняхоўскага. Міліцыянты ўжылі слезацечны газ і збілі некалькі чалавек дручкамі.

Падрабязнасці, што менавіта інкрымінуюць затрыманаму Яфрэменку, невядомыя.

Праваабаронцы спрабавалі пераканаць суд у тым, што працэс адкрыты, і трапіць на яго могуць усе ахвотныя, але  гэта не мела выніку. Прапанову весці прамую трансляцыю з судовай залі для прысутных у калідоры старшыня суду Першамайскага раёна Андрэй Андрушэнка паабяцаў “узгадніць” у віцебскім абласным судзе.

Гэта ўжо трэці па ліку працэс у Віцебску па крымінальных справах, распачатых у дачыненні да  ўдзельнікаў вулічных шэсцяў, якіх звінавацілі ва ўжыванні гвалту да супрацоўнікаў МУС і службовых асобаў (арт. 364 КК, арт. 366 КК). За гэта  на два з паловай гады зняволення быў асуджаны Аляксандр Кірыленка, на два гады – Андрэй Цімафеенка.

 Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск