Журналістка БелаПАН Таццяна Бублікава выйшла на волю



Разам з аператарам яна брала на вуліцы інтэрв’ю ў 21-гадовай Марыі Сафонавай, якую беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенай.

Сафонава была затрыманая летась 7 кастрычніка і абвінавачаная па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). 12 лістапада суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў яе да двух месяцаў арышту. Суд прызнаў Сафонаву вінаватай у тым, што 7 кастрычніка яна наносіла фарбай надпісы „Жыве Беларусь” і выявы ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга. Пакаранне яна адбывала з 24 лютага па 21 красавіка.

Паводле слоў Бублікавай, апошняя частка інтэрв’ю бралася на вуліцы Балтыйскай, дзе Сафонава восенню нанесла адзін з надпісаў. Гэта заўважыла мясцовая жыхарка Вольга Забела, якая на судзе сведчыла супраць дзяўчыны як валанцёр мясцовага чата „Антывандал”.

„Думаю, мы запомнілі адна адну на судовым працэсе. Яна падышла, быццам бы нават павіталася, потым знаходзілася ў аддаленні, а затым заявіла, што мы яе здымаем, чаго на самой справе не было. Забела выклікала міліцыю. Завяршыўшы здымку, аператар паехаў на таксі, а я стала чакаць іншую машыну. Аднак Забела перашкодзіла мне паехаць, заявіўшы, што зараз прыедзе міліцыя і будзе разбірацца. Пры гэтым яна была з кімсьці на сувязі па тэлефоне. Першы таксіст не вытрымаў і паехаў без мяне, другі спрабаваў адсунуць яе ад машыны. Падышлі патрульныя, а потым прыехаў мікрааўтобус з невядомымі ў масках. Як аказалася, гэта быў АМАП. Мяне і кіроўцу таксі даставілі ў апорны пункт. Забела таксама паехала з намі. Мне патлумачылі, што я маю права здымаць у грамадскім месцы, але нельга выкарыстоўваць кадры, на якіх бачная заяўніца, нават калі гэта адбылося выпадкова. Мяне адпусцілі, таксіста таксама”, — распавяла Бублікава.

БелаПАН