Журналістка-фрылансер Аліна Літвінчук: Гэты пераслед – палітычна матываваны
“Лічу такія дзеянні палітычна матываванымі, паколькі ідуць пратэстныя акцыі па заводзе, а таксама набліжаюцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары”, – заяўляе журналістка-фрылансер з Берасця Аліна Літвінчук.
Справа ў тым, што цягам некалькіх месяцаў судовы выканаўца Пінска і Пінскага раёна Ганна Шпакоўская турбуе яе бацькоў, якія пражываюць у Пінску. Яна прыходзіла па адрасе прапіскі, шукала Аліну, тлумачыла, што справа замоўная палітычная. Сцвярджала, што Аліна – злосны злачынца, што не сплочаныя 1500 рублёў штрафаў за 2015 і 2018 гады. Распавядае журналістка:
– Яна казала бацькам, што паколькі не сплочаныя штрафы па 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, то гэта зробіць мяне невыяздной. Прышлі лісты аб забароне рэгістрацыйных дзеянняў у адносінах да нерухомасці, накіраваны дакументы ў суд. Пасля таго як я звязалася з ёй, высветлілася, што гаворка ішла пра штрафы, якія даўно і ў тэрмін сплочаныя (без пратэрміноўкі адразу пасля судовага рашэння). Усе квітанцыі аб аплаце і копіі я накіроўвала адразу ў суд і копіі АПВ, таму такую інфармацыю яны мелі. Невядомым засталіся матывы дзеянняў у адносінах да запужвання родных і блізкіх, а таксама адміністрацыйных дзеянняў у адносінах да мяне. Копіі аплаты прадастаўлены паўторна.
Тым не менш на выходных, 11 траўня, журналістцы прыйшло СМС аб адключэнні паслуг сувязі па рашэнні Аддзелу прымусовага выканання. Судовы выканаўца Ганна Шпакоўская на кантакт пасля гэтага не выходзіць і нічога не тлумачыць. На пінскі адрас таксама працягваюць ліставаць і зараз (прыйшлі новыя лісты).
“Гэта надуманыя прэвентыўныя меры, якія маюць на мэце стварыць перашкоды ў працы”, – адзначае журналістка.
Беларускае Радыё Рацыя