Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна атрымала 4-ы пратакол



Журналістка-фрылансерка з Бярозы Тамара Шчапёткіна атрымала ў жніўні ўжо чацвёрты пратакол, на гэты раз з Баранавіцкага РАУС. Пратакол складзены ўчастковым капітанам Андрэем Вахітавым. Пратакол, паведамленне аб разглядзе адміністрацыйнай справы ў Баранавіцкім судзе раніцай 17 жніўня, правы і абавязкі асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс, дасланы 16-га жніўня звычайным лістом. 

З пратаколам журналістку папярэдне не азнаёмілі. Ён не чытэльны, не падпісаны Шчапёткінай. Можна разабраць толькі арт. 22.9, ч. 2.

Для капітана Андрэя Вахітава гэта справа новая, невядомая:

– Я вам шчыра скажу, у нас алкаголікі больш наш профіль. Мы зарэгістравалі матэрыял, мы праводзім праверку, у нас жа не кожны дзень такое.

Адзін са сведкаў запісаны фармальна, без яго згоды, кажа старшыня Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:

– Хочуць мяне прадставіць у якасці сведкі таго, чаго я не бачыў. Гэта была цудоўная экскурсія, вельмі многія фатаграфавалі, запісвалі. Я сказаў, што такі пратакол я падпісваць не буду. Як я магу падпісваць тое, чаго я не бачыў, як я такое магу падпісаць і яшчэ сведчыць супраць свайго сябра таварыства.

Паводле Тамары Шчапёткінай, пачалі кляпаць пратаколы, парушаючы ўсякія працэсуальныя нормы. З аднаго боку, ад таго, што міліцыя займаецца не сваёй справай, а з другога боку, ведаюць, што пакаранне набыло аўтаматычны характар.