Журналістка “Газеты Слонімскай” выйграла суд
Сёння, 16 красавіка, у судзе Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці адбыўся суд, на якім разглядалася зыскавая заява кіроўцы рэйсавага аўтобуса г. Слоніма Аляксандра Ануфрэні да журналісткі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Таццяны Плахеткі.
Падставай для звароту ў суд стала публікацыя “Раўнадушша палохае” у “Газеце Слонімскай” за яе подпісам.
У артыкуле журналістка апісвала сітуацыю з удзелам сваёй 7-гадовай дачкі: дзяўчынка ехала ў аўтобусе без бацькоў і не змагла выйсці на патрэбным прыпынку ля школы, бо кіроўца на ім не спыніўся. Акрамя таго, паводле журналісткі, пазней ён праігнараваў яе просьбу ператэлефанаваць, хаця яна перадала нумар тэлефона праз дыспетчара аўтапарка.
На думку зыскоўца, у артыкуле былі распаўсюджаныя звесткі, «якія не ў поўнай меры адпавядаюць рэчаіснасці» і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Ён сцвярджаў, што ніякага нумару тэлефона яму не перадавалі і ніякага дзіцяці ў салоне аўтобуса ні ён, ні кандуктар не заўважылі. Ён бачыць сваю віну толькі ў тым, што не спыніўся на прыпынку, за што яму ўжо зрабілі заўвагу на працы.
Кіроўца жадаў, каб суд абавязаў “Газету Слонімскую” абвергнуць звесткі пра тое, што ў салоне аўтобуса знаходзілася дзіця, «бо гэтая абставіна нічым не пацвярджаецца». Таксама ён дамагаўся, каб журналістка прынесла яму прабачэнні, выплаціла кампенсацыю маральных стратаў у памеры 5 мільёнаў рублёў і пакрыла судовыя выдаткі (дзяржаўная пошліна ў памеры 540 тысяч рублёў).
Суд Слонімскага раёна не задаволіў зыскавую заяву кіроўцы рэйсавага аўтобуса г. Слоніма Аляксандра Ануфрэні і вінаватай журналістку не прызнаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.