Глафіру Жук адлічылі з журфака пасля 30 сутак на Акрэсціна (абноўлена)



Карэспандэнтку газеты «Народная воля» Глафіру Жук адлічылі з факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта пасля таго, як яна адбыла 30 сутак адміністрацыйнага арышту.

 Афіцыйная прычына — студэнтка 3 курсу не здала сэсіі, паведамляе тэлеграм-канал «Журфак без цэнзуры». Глафіра Жук у сярэдзіне траўня асвятляла для «Народнай волі» працэс па «справе студэнтаў». Калі пачаўся разгон тых, хто сабраўся каля Дома правасуддзя, бо не было магчымасці трапіць унутр, разам з іншымі ратавалася ўцёкамі ад сілавікоў. А пасля выклала ход падзеяў у сваіх сацсетках.

Журналістку затрымалі 29 траўня  і абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце. У выніку пакаралі 30 днямі арышту.

***

Журналістка “Народнай волі” Глафіра Жук выйшла з Акрэсціна пасля 30-ці сутак.

За гэты месяц яе ні разу не звадзілі ў душ, толькі раз на шпацыр і два дні пратрымалі ў карцары. Пра сваё знаходжанне ў ізалятары дзяўчына распавяла “Нашай Ніве”. Да арышту журналістка асвятляла суд па справе студэнтаў і ў сацыяльных сетках апублікавала фота натоўпу пад будынкам суда і сваіх кедаў, пасля таго як уцякала падчас разгону. Суд палічыў гэта доказам пікету і прысудзіў суткі.  На Акрэсціна Глафіра сустрэла сваё 20-годдзе.

“Там камера назірання, але нам было ўсё роўна, мы распрануліся да бялізны, бо было немагчыма трываць, і халоднай вадой абліваліся. Набіралі яе ў бутэлькі і да сябе прыстаўлялі. Пілі шмат вады з-пад крана”, – распавяла дзяўчына.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nn.by