Журналістка Любоў Лунёва аштрафаваная на 810 рублёў
Карэспандэнт польскага тэлеканала „Белсат”, што вяшчае на Беларусь, Любоў Лунёва аштрафаваная на 810 рублёў (30 базавых велічынь) на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Справа разглядалася 28 снежня ў судзе Савецкага раёна Менска. Журналістку прызналі вінаватай у тым, што 7 снежня яна нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі. Лунёва з рашэннем суда катэгарычна не згодная, бо ў акцыі яна не ўдзельнічала, а асвятляла яе.
Лунёва і яе калега — аператар „Белсата” Іван Куракевіч былі затрыманыя 7 снежня на плошчы Якуба Коласа ў Менску, калі працавалі на акцыі пенсіянераў — Маршы мудрасці. У дачыненні да журналістаў склалі пратаколы па артыкуле 23.34 і да суда даставілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
У ЦІП Лунёвай стала дрэнна, яе шпіталізавалі ў кардыялагічнае аддзяленне 9-й гарадской клінічнай бальніцы. Куракевіча на наступны дзень асудзілі на 15 сутак арышту.