Журналістка Таццяна Каравянкова пакінула Беларусь
Карэспандэнтка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова з’ехала з Беларусі.
Як напісала журналістка ў Фэйсбуку: «Гэта цяжкае рашэнне, якое, я спадзявалася, ніколі не давядзецца прымаць і якое ўсяляк адцягвала, мы з рэдакцыяй у выніку прынялі літаральна за некалькі хвілін. На зборы спатрэбілася яшчэ дзве гадзіны. Цяпер мяне раздзірае ад зусім процілеглых пачуццяў і бясконцых пытанняў у галаве: ці стаў ад’езд праявай слабасці або разважлівасці? Можа, папярэджанне мы пераацанілі, а на самай справе ўсё б абышлося і магла працягваць працаваць дома? Адчуванне бяспекі, калі, прачынаючыся раніцай, разумееш, што можна не ўздрыгваць ад любога гуку за ўваходнымі дзвярыма, перакрываецца страхам за пакінутых калег і родных».
Таццяна Каравянкова падзякавала ўсім, хто дапамог і працягвае ёй дапамагаць і падтрымліваць. Вядома, што журналістку раней неаднойчы затрымлівалі, а ў яе дома праводзілі ператрусы. 8-9 ліпеня па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя ператрусы ў журналістаў і актывістаў незалежных медыя — сілавікі канфіскоўвалі тэхніку і затрымлівалі людзей.
Беларускае Радыё Рацыя