Лісты яна забрала, а ад усяго турэмнага пазбавілася (абноўлена)



Ліў дождж, а побач дзяжурылі сілавікі, стаялі характэрныя мікрааўтобус і легкавік, унутры сядзеў чалавек у пагонах.

Раніцай на волю выйшла журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, асуджаная за інфармаванне пра праўдзівы дыягназ забітага Рамана Бандарэнкі. Прыкладна а 7:30 раніцы Кацярына Барысевіч выйшла з калоніі. Найперш патэлефанавала 18-гадовай дачцэ ды пагутарыла з журналістамі, усімі, хто прыйшоў яе сустракаць.

– Не магу сказаць, што да мяне было нейкае асаблівае стаўленне. Супрацоўнкі былі ветлівыя і карэктныя, ніякага  там асаблівага стаўлення да сябе я не адчувала. Такое ж стаўленне, як і да іншых зняволеных. Так як у мяне была карычневая карта як схільнай да экстрэмізму, то ўсе людзі з такой карткай перавозяцца такім чынам, этапуюцца. У мяне першы быў этап з Жодзіна ў Магілёў. Я ехала ў кайданках. І другі этап быў з Магілёва ў Гомель, я таксама ехала ў кайданках.

Журналістка Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай і сястра Пятра Слуцкага, якія затрыманыя па справе беларускага прэс-клубу, прыехала ў Гомель, каб сустрэць калегу Кацярыну Барысевіч.

Ліў дождж, але ён на шчасце, – кажа Аляксандра:

– Я чакала вось гэты турэмны пах. Нягледзячы на тое, што яна пайшла і выкінула сумку з турэмнымі рэчамі, проста ўзяла і выкінула, пахне сама Каця цудоўна. Вялікую сумку з рэчамі яна выкінула на запраўцы. Яна выйшла з двума сумкамі – у адной былі турэмныя рэчы, а ў іншай – лісты. Больш за 700 лістоў, вельмі цяжкая сумка. Лісты яна забрала, а ад усяго турэмнага пазбавілася адразу.

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч была асуджаная за «разгалошванне медычнай таямніцы» аб прычынах смерці Рамана Бандарэнкі, адбыла свой тэрмін. Раніцай 19 траўня яна выйшла з гомельскай калоніі,  куды журналістку этапавалі ў апошнія дні зняволення.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

З гомельскай калоніі № 4 выйшла на волю журналістка партала tut.by Кацярына Барысевіч, якая была асуджаная па „справе аб нуль праміле” і правяла ў месцах пазбаўлення волі паўгода.

„Увесь час, колькі яна знаходзілася за кратамі, мы марылі, што ў дзень яе выхаду скупім усе кветкі на Камароўцы і будзем чакаць яе на волі з яркімі букетамі. Учарашнія падзеі, што здарыліся з рэдакцыяй tut.by, змянілі нашы планы. Побач з гомельскай калоніяй, куды Кацю этапавалі ў апошнія дні яе зняволення, нас няшмат, але мы дачакаліся яе — з прывітаннямі ад усіх супрацоўнікаў кампаніі”, — паведамляе партал tut.by у сваім тэлеграм-канале.

Адзначаецца, што сустрэча з Кацярынай прайшла спакойна, хоць а 7-й раніцы, калі калегі прыйшлі да ўваходу ў жаночую калонію, яны ўбачылі характэрны бус і легкавік, у якім знаходзіўся чалавек у пагонах. Прыкладна ў 7.24 Барысевіч выйшла з варот калоніі з дзвюма вялікімі сумкамі.

Першай яна патэлефанавала 18-гадовай дачцэ Дашы, якая зараз чакае маму разам з іншымі роднымі ў Мінску. Журналістка расказала, што доўга не магла забраць усе лісты, а атрымала яна іх за паўгода прыблізна 500.

Кацярына Барысевіч і лекар Арцём Сарокін былі затрыманыя 19 лістапада 2020 года. Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада на партале tut.by артыкул Барысевіч, у якім гаварылася, што ў крыві 31-гадовага мінчаніна Рамана Бандарэнкі, які памёр ад цялесных пашкоджанняў 12 лістапада, не было алкаголю.

Суд паводле хадайніцтва дзяржаўнага абвінаваўцы зрабілі закрытым. 2 сакавіка Сарокіну прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 1.450 рублёў, Барысевіч прыгаварылі да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў 2.900 рублёў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Барысевіч і Сарокіна вязнямі сумлення.

Спачатку Барысевіч утрымлівалі ў СІЗА КДБ і следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску, затым яе перавялі ў турму ў Жодзіне і паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму. За тыдзень да запланаванага вызвалення яе перавялі ў Магілёў, а за два дні да заканчэння тэрміну — у Гомель.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Паводле сцвярджэння ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ”. Пра гэта была праінфармаваная адміністрацыя парку.

Сайт tut.by з 18 мая заблакаваны. Такое рашэнне прынятае Міністэрствам інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры. „Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У гэтых матэрыялах змяшчаецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — паведаміў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.

У актуальным спісе затрыманых напярэдадні супрацоўнікаў tut.by галоўны рэдактар Марына Золатава, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны інжынер Ала Лапатка, рэдактар Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, юрыст Кацярына Ткачэнка.

„Пры гэтым мы ўсё яшчэ не ведаем, дзе цяпер некаторыя нашы калегі, у тым ліку намеснік бухгалтара Марыя Новік”, — паведамляе tut.by.

Стала таксама вядома, што журналіст onliner.by Аляксандр Чарнуха, затрыманы падчас асвятлення падзей ля офіса tut.by, выйшаў на сувязь і вярнуўся дадому. Яго калега з штомесячніка „Белорусы и рынок” Арцём Маёраў, які быў учора днём ля офіса tut.by, знаходзіцца ў ізалятары ў 1-м завулку Акрэсціна.

belapan.by

Фота tut.by