Журналістка Вольга Чайчыц пакараная штрафам у 735 рублёў
Журналістка тэлеканала „Белсат” Вольга Чайчыц пакараная новым штрафам у памеры 735 рублёў, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Адміністрацыйны працэс прайшоў 23 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Менска. Суд аштрафаваў Чайчыц за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.
„Але мне не патрэбна ніякая акрэдытацыя, каб збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, асабліва пра такія значныя для грамадства тэмы. Гэта права мне дае 34 артыкул Канстытуцыі”, — сказала Чайчыц ў судзе.
Яна аштрафаваная за сюжэт аб ушчыльненні дамоў на вуліцы Якубоўскага: у месцы кампактнага пражывання людзей з інваліднасцю па зроку ўлады далі дазвол на будоўлю, мясцовыя жыхары пратэстуюць.
У гэтым годзе Чайчыц і яе муж аператар Андрэй Козел ужо былі аштрафаваныя некалькі разоў. Апошні штраф — па 857,5 рубля (па 35 базавых велічынь) — яны атрымалі 6 сакавіка за падрыхтаваны ў студзені сюжэт аб праблемах даўгабудаў у Фаніпалі.
Усяго, паводле інфармацыі БАЖ, у 2018 годзе адбыліся ўжо 22 адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам „Белсат”.
У 2017 годзе было 69 выпадкаў прыцягнення журналістаў да адказнасці па артыкуле 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).