Журналісткам „Белсата” Андрэевай і Чульцовай завочна ўручылі Лейпцыгскую прэмію



У нямецкім Лейпцыгу журналісткам „Белсата” Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай завочна ўручылі прэмію за свабоду СМІ, перадае Нямецкая хваля.

Самі дзяўчаты адбываюць двухгадовы тэрмін зняволення ў калоніі. Як гаворыцца ў заяве Фонду па справах СМІ, сваёй працай яны далі магчымасць пачуць голас свабоднай журналістыкі ў аўтакратычным рэжыме. Фонд настойліва заклікаў беларускія ўлады вызваліць журналістак. У заяве таксама гаворыцца, што Лейпцыгская прэмія — гэта „знак падбадзёрвання ўсім супрацоўнікам СМІ, а таксама дзеячам грамадзянскай супольнасці — не толькі ў Беларусі”. Грашовая частка прэміі складае 10 тысяч еўра кожнаму лаўрэату. Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада мінулага года, калі яны вялі жывую трансляцыю з акцыі памяці загінулага Рамана Бандарэнкі.