Крымінальная справа журналістак „Белсата” мела выразна рэпрэсіўны характар (абноўлена)



Прысуд журналісткам „Белсата” Кацярыне Андрэевай і Дар’е Чульцовай – гэта  не канец справы, –  кажа прадстаўнік гэтай тэлекампаніі, журналіст Зміцер Ягораў.

Для нас, белсатаўцаў, і ўвогуле для журналістаў, гэта пачатак далейшага змагання за Кацю і Дашу:

–  Гэта не кропка. Дзяўчаты паедуць у гэтую калонію, але яны засталіся, яны нікуды не падзеліся. Мы зараз мусім падумаць, як іх выцягнуць адтуль, наколькі гэта магчыма з дапамогай, можа, нейкіх дыпламатычных рычагоў, ціску грамадскасці. А таксама думаць яшчэ пра тое, як мы можам іх падтрымаць там, у зняволенні, і падтрымаць іхнія сем’і.

Канешне, „Белсат” не можа ўводзіць санкцыі ці націскаць на іншыя ўрады. Але мы, ды іншыя медыя будзем гаварыць пра тое, што такі крок па задушэнні свабоды слова не можа застацца без адказу з боку цывілізаваных краінаў і іх урадаў, –  падкрэсліў Зміцер Ягораў

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: hrodna.life

***

У такіх справах, як справа журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія за сваю працу былі асуджаны на 2 гады калоніі, вельмі важная салідарнасць, – кажа кіраўнік грамадскай арганізацыі „Еўрапейскі дыялог” Антоль Лябедзька.

Палітык наведаў суд над над журналісткамі, каб падтрымаць іх у такі важны і вырашальны момант:

–  Як мінінум, каб на такія суды прыходзілі людзі. Не патрэбна даваць „азаронкам” ды іншым прапагандыстам ствараць карцінку, што гэтых людзей усе кінулі і абыякава да іх ставяцца. Нават калі не трапіш непасрэдна ў памяшканне, ёсць тое, што называецца салідарнасць. І трэба змагацца. Мы ж змагаемся не за ўладу ў такім фармаце, як Лукашэнка, а за перамены, за нармальную краіну. І гэта вельмі моцная матывацыя. І чым маладзей людзі,  тым большая гэтая матывацыя мусіць быць. Таксама, дарэчы, і ў дарослых, таму што яны мусяць дбаць пра сваіх дзяцей, таму што яны іх шануюць і любяць.

Важны момант таксама – гэта адказ дэмакратычных краінаў на тое, што адбываецца ў Беларусі. Падобныя незаконныя крокі беларускіх уладаў толькі дадаюць рашучасці палітыкам тых краінаў, дзе ёсць сапраўдная дэмакратыя, дзейнічаць больш энергічна. „Таму думаю, што санкцыі будуць, яны будуць павялічаны, і яны будуць больш рашучымі, чым папярэднія”, – лічыць Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Крымінальная справа журналістак тэлеканала „Белсат” Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія былі асуджаныя на 2 гады зняволення, з самага пачатку мела выразна рэпрэсіўны характар. Справа была заведзена за стрым з акцыі памяці забітага мастака Рамана Бандарэнкі.

Журналісткі выконвалі свае прафесійныя абавязкі і ні аб якім злачынстве з іх боку гаворку нельга было і весці. Але тое, што справа скончылася рэальным і вялікім тэрмінам, гэта шмат чаго кажа не толькі пра абвінаваўчы ўхіл у судах, але наогул пра ўсё беларускае правасуддзе сёння, – лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

–  На жаль, гэта адзін з тых прысудаў, пра якія мы штодзень чуем, якія выносяцца супраць актывістаў, вось зараз супраць журналістаў. Вельмі дрэнная сітуацыя. Што тычыцца гэтага прысуду, то зразумела, што ён будзе абскарджвацца, хоць няма вялікай упэўненасці ці веры і надзеі, што гэта абскарджанне прывядзе да поспеху, але гэта ўсё адно трэба рабіць.

Канешне, у журналістаў і ў грамадства ў цэлым, вобразна кажучы, не так шмат зброі, каб змагацца з падобным беззаконнем. Гэта зброя –  галоснасць і салідарнасць і іх трэба выкарыстоўваць на поўную моц, – кажа Андрэй Бастунец.

Беларускае Радыё Рацыя

***

У судзе Фрунзенскага раёну Менску суддзя Наталля Бугук абвясціла выракі карэспандэнткам тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Абедзьвюм журналісткам яна прысудзіла па 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Столькі ж раней патрабавала пракурорка Аліна Касьянчык. Следчымі выступілі Ігар Кудзеля і Ігар Курыловіч.

Муж Кацярыны Андрэевай, журналіст Ігар Ільяш заявіў, што гэта ўжо больш чым рэпрэсіі – гэта акт дзяржаўнага тэрарызму:

– Гэта запалохванне грамадства ўцэлым, і запалохванне ў першую чаргу журналісцкай супольнасці. У свой час Лукашэнку назвалі “апошнім дыктатарам Еўропы”. Я думаю, ён пазбавіўся гэтага статусу. Ён не апошні дыктатар Еўропы, але за апошнія паўгода ён зарабіў сабе новы статус – тэрарыста №1 у Еўропе.

І на гэта журналісцкая супольнасць павінна адказаць яшчэ лепшай працай. Гэты рэжым баіцца праўды, баіцца фактаў, – значыць, мы павінны даваць яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў, каб разбурыць, раздзяўбці гэты тэрарыстычны рэжым, – кажа Ігар Ільяш.

Па словах адваката Кацярыны Андрэевай Сяргея Зікрацкага, і ён і яго падабаронная лічаць гэты прысуд незаконным і неабгрунтаваным. У бліжэйшы час ён будзе абскарджаны. Кацярына і Дар’я ўспрынялі прысуд стойка і цвёрда.

– Фактычна яны ўжо былі гатовыя да гэтага прысуду, пасля таго як учора пракурорка агалосіла сваё меркаванне адносна магчымага пакарання. У прынцыпе яны былі гатовыя да гэтага прысуду і раней. Яны цвёрда ўпэўненыя, што тое, што яны рабілі, – гэта абсалютна законныя дзеянні. Яны распаўсюджвалі тую інфармацыю, якую мелі права распаўсюджваць, а грамадзяне мелі права атрымаць. Таму яны бадзёрыя з-за таго, што яны зрабілі ўсё правільна.

Адвакат яшчэ раз падкрэсліў, што журналісткі толькі выконвалі свае прафесійныя абавязкі:

– Гэта абсурдная сітуацыя, таму што журналісты проста асвятлялі акцыю пратэсту. Мы ўсе бачылі гэты стрым. Тыя фразы, якія былі пакладзеныя ў аснову абвінавачання, проста апісвалі тое, што адбывалася на вуліцы.

У самы бліжэйшы час, пасля азнаямлення з прысудам і з тымі матывамі, па якіх суддзя Наталля Бугук яго абвясціла, прысуд будзе абскарджаны, – сказаў Сяргей Зікрацкі.

Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года ў доме на „Плошчы Перамен” у сталіцы падчас стрыму з разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Журналістак прызналі вінаватымі ў „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Журналісткі сваёй віны не прызналі. Яны — палітычныя зняволеныя.

Прысуд журналісткам каментуе паэт і палітык Уладзімір Някляеў:

– Тое, што адбылося на судзе над Кацярынай і Дар’яй, – гэта перспектыва, якую паказвае нам сёння рэжым для тых, хто не згодны з ягоным існаваннем. Хто хоча, каб гэтая пачвара – цяперашні беларускі рэжым – сышла ў нябыт. Не будуць сядзець Дар’я і Кацярына два гады, да якіх прысудзіў іх гэты самы як бы суд.

15 лістапада 2020-га Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова вялі стрым з Плошчы пераменаў у Менску, дзе людзі сабраліся, каб ушанаваць памяць памерлага пасля збіцця Рамана Бандарэнкі. Іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Тры дні спатрэбілася суду Фрунзенскага раёна Менска, каб разгледзець крымінальную справу ў дачыненні да Кацярыны Бахвалавай і Дар’і Чульцовай – журналістак «Белсата», якія 15 лістапада 2020 гады вялі стрым з «Плошчы пераменаў», паведамляе tut.by.

Дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык палічыла, што іх віна ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК даказаная, і запрасіла два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для кожнай.

Сёння суддзя Наталля Бугук абвясціла рашэнне: прызнаць вінаватымі і прызначыць пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

– Ці зразумелы вам прысуд? – удакладніла суддзя.

– За што гэта? – ва ўнісон спыталі Дар’я і Кацярына.

Па рашэнні суда рэчдоказы: чатыры штодзённікі, налепкі, тканіна бел-чырвона-белага колеру – павінны быць знішчаны. А тэхніку і камізэлькі з надпісам «Прэса» – канфіскаваць.

Дыктафон, ноўтбукі, плэер, фотаапарат, некаторыя тэлефоны, грашовыя сродкі – ад арышту павінны вызваліць і перадаць Бахвалавай і Чульцовай.

Абарона на судзе настойвала на невінаватасці журналістак.