Журналісткі „Нашай Нівы” Лубнеўская і Піліповіч-Сушчыц адпушчаныя пад падпіску аб неразгалошванні



Журналістка „Нашай Нівы” Наталля Лубнеўская і фатографка сайта Шура Піліповіч-Сушчыц адпушчаныя пад падпіску аб неразгалошванні, паведамляе тэлеграм-канал рэдакцыі.

„Проста цяпер у кватэры галоўнага рэдактара „Нашай Нівы”Ягора Марціновіча ідзе вобшук. Сабака Альма, якую мы ўсе шукалі, з ім”, — гаворыцца ў паведамленні.

Жонка Марціновіча журналістка Адар`я Гуштын паведаміла ў „Фэйсбуку”: „Ягора Марціновіча з нашым сабакам прывезлі дадому, з імі сілавікі ў масках. У кватэры ідзе вобшук. Сваякоў з кватэры выгналі. Па якой справе праводзяцца аператыўныя дзеянні, па-ранейшаму невядома”.

Пасля заканчэння вобшука Ягора Марціновіча затрымалі.

Паводле інфармацыі рэдакцыі „Нашай Нівы”, вобшук у офісе бухгалтэрыі выдання праводзілі супрацоўнікі цэнтральнага апарата МУС. Вобшук ужо завершаны, канфіскаваныя дакументы. Галоўнага бухгалтара Вольгу Раковіч павезлі дадому на вобшук.

Сайт „Нашай Нівы” перастаў адкрывацца раніцай 8 ліпеня.

belapan.by