Журналістку Алену Германовіч выклікалі ў Буда-Кашалёўскі суд
У судзе Буда-Кашалёўскага раёна праходзіць пасяджэнне з удзелам карэспандэнткі недзяржаўнай агенцыі «БелаПАН» Алены Германовіч. Гомельскую журналістку выклікалі ў Буда-Кашалёўскі раённы суд у якасці суадказчыка па справе абароны годнасці выкладчыцы аграрнага каледжу.
Педагог падала заяву ў суд на свайго былога дырэктара, які ў матэрыялах СМІ дазволіў сабе абразлівыя выказванні на яе адрас.
Паводле Алены Германовіч, гарантыяй бяспекі журналіста на працэсе будуць дыктафонныя запісы.
Алена Германовіч:
— Ёсць адмысловая пастанова Вярхоўнага суда, якая гаворыць пра тое, што калі абраза здзейсненая праз СМІ (і гэтая жанчына спасылаецца менавіта на маю публікацыю), то суадказчыкам тады прыцягваецца і сродак масавай інфармацыі. Хоць гэтая справа адбывалася паўгода таму, мы чамусьці пакінулі ўсе запісы на дыктафоне. Цяпер гэтыя аўдыётрэкі стануць гарантыяй таго, што мы дакладна перадалі словы аднаго з удзельнікаў канфлікту.
Алена Германовіч у ліпені 2015 года асвятляла канфлікт групы навучэнцаў аграрнага каледжа з адміністрацыяй установы. У артыкуле апавядалася пра тое, як амаль палова групы не была дапушчаная да сесіі з-за непаразуменняў з жонкай дырэктара, якая выкладала ў іх прадмет „Электрычныя машыны”.
Цалкам гутарку з Аленай Германовіч слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель