Журналістку Алену Шабуню аштрафавалі на 945 рублёў



Суддзя Вераніка Барысава аштрафавала незалежную журналістку на 945 рублёў, прызнаўшы яе вінаватай паводле артыкула 22.9 КаАП. Працэс у судзе Першамайскага раёна прайшоў практычна ў закрытым рэжыме: суддзя дазволіла застацца ў залі толькі 4-м чалавекам, спаслаўшыся на пагрозу Covid 19.

На думку Алены Шабуні, суддзю, якая нават працэс вяла без маскі, турбавала зусім не пытанне бяспекі:

– Як у камеру на 4 метры квадратныя змяшчаюць 50 чалавек, то тут ковіду няма. А тут суддзя сказала 4 чалавекі, і ўсё. І яе турбуе зусім не здароўе гэтых людзей – яе турбуе, каб як мага менш людзей бачылі гэтыя суды, як яны праходзяць. Бо суды ў нас даўно страцілі тую функцыю, якую яны мусяць выконваць.

Суддзя ўразіла прысутных яшчэ і тым, што абвясціла перапынак, каб выклікаць супрацоўніка міліцыі, які складаў пратакол на Алену Шабуню. І проста падчас судовага працэсу ён рабіў папраўкі і дапаўненні ў гэтым дакуменце.

Што ж гэта быў за “крамольны” тэлесюжэт пра падзеі ў мястэчку Варапаева Пастаўскага раёна, за які трэба было тэрмінова аштрафаваць віцебскую журналістку? Тлумачыць калега Алены Шабуні, журналіст Зміцер Лупач, якога ўжо аштрафавалі за гэты матэрыял дла “Белсата”:

– Сюжэт быў пра ксяндза Юрыя Вілька – пра тое, што яму скасавалі дазвол на служэнне ў Беларусі, які быў у яго да сакавіка наступнага года. Але яго выклікалі ў Пастаўскі РАУС, у пашпартны стол, і скасавалі візу. Але гэта яны пакаралі больш людзей, чым яго – бо людзі засталіся без святара.

Змітра Лупача пакаралі за сюжэт пра выгнанне ксяндза – грамадзяніна Польшчы яшчэ 26-кастрычніка. Суд Пастаўскага раёна аштрафаваў яго на 40 базавых велічынь (1 080 рублёў)

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск