Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала адказ старшага следчага Фрунзенскага раённага аддзелу Следчага камітэту Ігара Курыловіча на хадайніцтва аб вызваленні журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярыны Бахвалавай (працуе пад прозьвішчам Андрэева).
Вызваліць журналістку прапаноўвалі пад парукі старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, галоўных рэдактараў газет «Новы час» і «Народная воля» Аксаны Колб і Ёсіфа Сярэдзіча, а таксама журналіста Валера Каліноўскага.
Хадайніцтва палічылі неабгрунтаваным, бо «падчас папярэдняга расследавання сабраныя вычарпальныя доказы ў дастатковым аб’ёме, якія паказваюць на здзяйсненьне Бахвалавай К. А. злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь». Журналістку абвінавацілі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або да актыўнага ўдзелу ў такіх дзеяннях».
Якія менавіта доказы мае следства, Курыловіч не паведаміў.
Раней адмовілі ў падобным хадайніцтве адносна журналісткі Дар’і Чульцовай — яна, як і Андрэева, знаходзіцца пад вартай ад 15 лістапада. Іх затрымалі ў час жывой трансляцыі разгону акцыі пратэсту ў Менску.