Журналістку Кацярыну Барысевіч этапавалі ў гомельскую калонію



Журналістку партала tut.by Кацярыну Барысевіч этапавалі з СІЗА Магілёва ў гомельскую калонію, паведаміў БелаПАН адвакат Андрэй Мачалаў.

Барысевіч была асуджаная на паўгода пазбаўлення волі па „справе аб нуль праміле”, тэрмін яе зняволення заканчваецца праз два дні — 19 траўня. Паводле слоў адваката, звычайна з калоніі вызваляюць у 9 гадзін, але ў дадзеным выпадку „няма ніякіх гарантый”, што Барысевіч выйдзе раніцай.

12 мая стала вядома, што Барысевіч перавялі са следчай турмы ў Жодзіне ў магілёўскі следчы ізалятар.

Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін былі затрыманыя 19 лістапада 2020 года. Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада на партале tut.by артыкул Барысевіч, у якім гаварылася, што ў крыві 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, які памёр ад цялесных пашкоджанняў 12 лістапада, не было алкаголю.

Суд па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы зрабілі закрытым. 2 сакавіка Сарокіну прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу 1.450 рублёў, Барысевіч прыгаварылі да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў памеры 2.900 рублёў.

У канцы красавіка стала вядома, што Барысевіч, якая знаходзілася пасля суда ў турме Жодзіна, паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Барысевіч і Сарокіна вязнямі сумлення.

belapan.by