Журналістку Кацярыну Барысевіч перавялі з Жодзіна ў СІЗА Магілёва



Журналістку партала tut.by Кацярыну Барысевіч перавялі са следчай турмы ў Жодзіне ў СІЗА Магілёва.

„Кацярына была асуджаная на паўгода пазбаўлення волі па справе аб „нуль праміле”, тэрмін яе зняволення заканчваецца 19 мая, гэта значыць праз тыдзень, — піша tut.by. — Хутчэй за ўсё, пасля магілёўскага СІЗА яе этапуюць у калонію ў Гомелі, дзе адбываюць пакаранне ўпершыню асуджаныя жанчыны”.

Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін былі затрыманыя 19 лістапада 2020 года. Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада на партале tut.by артыкул Барысевіч, у якім гаварылася, што ў крыві 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада, не было алкаголю.

Суд па справе аб „нуль праміле” па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы зрабілі закрытым. 2 сакавіка Барысевіч і Сарокіну вынеслі прысуд. Сарокіну прызначылі два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штраф у 1.450 рублёў, Барысевіч прыгаварылі да шасці месяцаў калоніі і штрафу ў 2.900 рублёў.

У канцы красавіка стала вядома, што Барысевіч, якая знаходзілася пасля суда ў турме Жодзіна, паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Барысевіч і Сарокіна вязнямі сумлення.

belapan.by