30 базавых – за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя (абноўлена)
30 базавых велічынь за распаўсюд і выраб прадукацыі СМІ – столькі прыйдзецца заплаціць незалежнай журналістцы Іне Хоміч, якую судзілі сёння за супрацу з нашым Беларускім Радыё Рацыя.
Напярэдадні Іне Хоміч патэлефанавалі з раённага суда і паведамілі, што яна не з’явілася на паседжанне. Судовае паседжанне прызначылі на 1 красавіка праз тэлефон. Вынік суда не стаў нечаканасцю, кажа Іна Хоміч:
– Штраф у памеры 30 базавых велічынь – гэта 5 млн 400 тыс беларускіх рублёў. Паседжанне прайшло хутка. Суддзя Лабачэўская Раіса сказала, што ёсць закон пра СМІ, і хочацца ім ці не хочацца, а прыходзіцца ім яго выконваць. Я апелявала да таго, што Канстытуцыя без абмежаванняў дазваляе грамадзянам Рэспублікі Беларусь збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Ну, але закон пра СМІ ў нас, аказваецца, больш шануецца, чым Канстытуцыя.
За тры месяцы бягучага году гэта ўжо пяты прысуд у дачыненні да незалежных журналістаў, якія працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Раней былі аштрафаваныя Алесь Ляўчук, Ларыса Шчыракова, Тамара Шчапёткіна, Аліна Літвінчук (двойчы). Для кожнага – штраф у памеры ад 20 да 40 базавых велічынь.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Берасцейская журналістка не з’явілася на суд, бо нават не ведала пра яго. Іне Хоміч патэлефанавалі з раённага суда і паведамілі, што яна не з’явілася на паседжанне. Пры гэтым позвы ў суд журналістцы не дасылалі. Праз тэлефон сакратарка паведаміла новую дату судовага паседжання –1-га красавіка а 9-й гадзіне раніцы. Журналістка прыгадвае, з чым звязаная яе справа:
– Справа звязаная з працай на замежнае СМІ без акрэдытацыі – класічны выпадак. У Іванаве я брала каментар наконт адкрыцця Музею хлеба ў Мотылі, што ў Іванаўскім раёне. І мясцовыя спецслужбы завялі справу і адправілі ў міліцыю.
Іна Хоміч збіраецца заўтра прысутнічаць на судовым паседжанні ў сваёй справе, якая тычыцца супрацы з нашым Беларускім Радыё Рацыя. Прыгадаем, што іншага берасцейскага журналіста – Алеся Ляўчука – некалькі дзён таму прысудзілі да штрафу ў памеры 21-ой базавай велічыні без яго прысутнасці на судзе. Журналіста пакаралі за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.
Раней падобным чынам была пакараная Тамара Шчапёткіна з Бярозы, якой прысудзілі 40 базавых велічынь штрафу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя