Тамару Шчапёткіну засудзілі на 25 базавых велічыняў (абноўлена)



Журналіст-фрылансер Тамара Шчапёткіна пакарана судом Бярозаўскага раёна штрафам у 25 базавых велічынь, што складае 612,5 рублёў, або звыш 300 даляраў, за выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, менавіта за працу на замежнае Беларускае Радыё Рацыя без акрэдытацыі.

Начальнік аддзела прафілактыкі Бярозаўскага РАУС Андрэй Жук, ініцыятар гэтай справы, лічыць, што браць інтэрв’ю без акрэдытацыі ў Беларусі нікому наогул нельга. Кажа Андрэй Жук:

Для таго, каб браць на законных падставах нейкія інтэрв’ю і размяшчаць іх, не парушаць вызначаныя для ўсіх нормы. Калі нікому не дазволена без акрэдытацыі – значыць і вам не дазволена.

Прысутныя на судзе аднадушна палічылі працэс тэатральнай пастаноўкай, да якой не ўсе акцёры былі падрыхтаваныя:

– Бралі ўдзел у тэатральным прадстаўленні. Дзве гадзіны нас мурыжылі ў гэтым судзе. Хамства, нахабства чалавека ў пагонах, Жука, проста ўражвае. Ён гаворыць па сваіх паняццях. Ён не даказвае, па якіх гэта артыкулах, як і што. Нават двух слоў не можа звязаць.

– Навошта слухаць нейкія пытанні і яшчэ нешта на іх адказваць, калі вынік усё роўна будзе вядомы? Навошта яму ўсё гэта ведаць.

[Not a valid template]

Для суддзі Алены Нямковай нават не спатрэбілася перапынку для вынясення судовага рашэння.

Тамара Шчапёткіна з рашэннем суда не згодна і будзе яго абскарджваць.

Поўны гук – у далучаным файле:

* * * 

Судзяць бярозаўскую журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну.

Перад судом калега паведаміла нам, ці будзе абараняцца, і на які вырак разлічвае:

– Без акрэдытацыі брала інтэрв’ю ў двух грамадзян Базарэўскага і ў загадчыцы крамы „Еўраопт”, і размясціла іх на сайце Радыё Рацыя. То бок я лічуся ў іх журналістам замежнага сродка інфармацыі і працую тут без акрэдытацыі.

РР: Вядома, што пратакол быў дапрацаваны.

– У гэтым судовым пасяджэнні будуць разглядаць адразу два пртаколы. Ужо за мной трэці пратакол – гэта будзе яшчэ адно судовае пасяджэнне. Я не буду абараняцца, мяне проста па надуманасці судзяць.

РР: Гэтая суддзя ўжо вядомая вам па ранейшых працэсах?

– Гэтая суддзя судзіла мяне ў ліпені 2017 года. Я суддзю папярэдзіла, каб пачынала збіраць грошы, каб потым магла вярнуць мне.

РР: Як яе завуць?

– Алена Нямкова.

РР: Ці спадзяецеся вы на нейкі справядлівы вырак?

– Не спадзяюся. Лічу, што вырак ужо ляжыць у яе на стале, і вырак гэты абвінаваўчы. Буду пакарана штрафам у вялікім памеры. У мяне ёсць права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад межаў краін. Я гэта раблю і буду рабіць.

Дадам, што заява пра апошняе пакаранне Тамары Шчапёткінай за працу без акрэдытацыі зарэгістраванае ў Камітэце па правах чалавека ААН. Бярозаўская журналістка шкадуе, што раней не звярталася ў гэты камітэт. За журналісцкую дзейнасць яе судзілі ўжо каля 15 разоў.

* * *

Суд паволе дапрацаваных пратаколаў па адміністрацыйнай справе журналіста-фрылансера Тамары Шчапёткінай адбудзецца 3 жніўня роўна ў 12 гадзін. Позву даставіў вечарам 31 ліпеня нарачны Бярозаўскага суда.

Тамара Шчапёткіна адзначае павышаную ўвагу да сваёй справы з боку праваахоўных і судовых органаў. Як ёй стала вядома, такая аператыўнасць незвычайная для праваахоўных органаў і судовай практыкі, кажа Тамара Шчапёткіна:

– Трэба адзначыць мітусню вакол маёй справы. Толькі пратаколы перарабляліся тройчы. І трэці варыянт істотна адрозніваецца ад першага. Калі ў першым варыянце было напісана, што я брала інтэрв’ю і размясціла ў інтэрнэце на сайце Радыё Рацыя. То ў трэцім варыянце ўсё падладжана пад артыкул 22.9 частка другая, што я здзейсніла незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Ні з адным з варыянтаў Тамара Шчапёткіна не пагадзілася, аб чым пазначыла ў пратаколе. Журналіст не вырабляе сродкі масавай інфармацыі, ён толькі збірае і распаўсюджвае інфармацыю, на што мае канстытуцыйнае права.

Нагадаем, што заява Шчапёткінай за апошняе пакаранне за працу без акрэдытацыі, зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Беларускае Радыё Рацыя