Журналістку Тамару Шчапёткіну не ўключылі ў выбарчую камісію



Журналістка Тамара Шчапёткіна з Бярозы, адна з чатырох прэтэндэнтаў, накіраваных Партыяй БНФ у сябры ўчастковай выбарчай камісіі Пружанскай выбарчай акругі №9, не змагла чарговы раз трапіць у камісію.

У Бярозе з 60-ці выбарчых камісій толькі ў адной №55, куды была накіравана Шчапёткіна, адбыўся конкурс. З 22 прэтэндэнтаў адабралі патрэбных 19, кажа доўгатэрміновы назіральнік Сяржук Русецкі:

– Ужо на працягу гадоў 10 ці 15 так і „не можам набрацца досведу” каб патрапіць ва ўчастковую выбарчую камісію. Характарыстыка, якія давалася на спадарыню Шчапёткіну, аказалася, што яна супрацоўнічае з замежным Радыё Рацыя, неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі. 

У камісію №55 шляхам адбора трапілі толькі дасведчаныя ў выбарчых справах і надзейныя таварышы, многія з іх – супрацоўнікі райвыканкама. Як высветлілася з характарыстык, што давалі на пасяджэнні райвыканкама:

– Спецыяліст добра ведаючы выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, удзельнічаў у выбарчых кампаніях.

– Мае вялікі досвед удзелу ў выбарчых камісіях разнастайнага роўню.

Паводле Сяржука Русецкага, Тамара Шчапёткіна мае намер абскардзіць неўключэнне ў выбарчую камісію.

Беларускае Радыё Рацыя