Журналістку Тамару Шчапёткіну з Бярозы выклікаюць у міліцыю
Журналістку Тамару Шчапёткіну з Бярозы выклікаў па тэлефону ўчастковы, каб задаць пытанні ў справе супрацы з Беларускім Радыё Рацыя.
Якія менавіта пытанні ўчастковы не паведаміў, адзначыўшы толькі, што паперы прыйшлі з Берасця, адзначае журналістка.
– Па мабільным тэлефоне патэлефанаваў наш участковы Сяргей Несцяровіч. Ён сказаў: “Спадарыня, Тамара, мы чакаем Вас у міліцыі”. А я кажу: “А ў чым прычына?”. А ён: “Тут паперы з Берасця прыйшлі. Трэба Вам адказаць на шмат пытанняў. Я не магу Вам больш сказаць, акрамя таго, што за працу на Рацыі”. Участковы сказаў, што чакае мяне да 10 гадзінаў… Няхай позву дасылаюць, я бегаць да іх не буду. Што я магу сказаць, калі мая першая справа знаходзіцца ў судзе?
„Невядома, чаму так спяшаюцца праваахоўнікі”, – адзначае Тамара Шчапёткіна. Як кажа журналістка, зараз яна рыхтуе заяву на імя старшыні Берасцейскага абласнога суда, у якой яна збіраецца абскардзіць штраф у 4,5 мільёны беларускіх рублёў за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя