Журналістку Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 980 рублёў за рэпартаж „Белсата”



Журналістка Вольга Чайчыц, якая супрацоўнічае з польскім тэлеканалам „Белсат”, аштрафаваная на 980 рублёў за рэпартаж аб адмене сходу жыльцоў інтэрната ў Слоніме (Гарадзенская вобласць). Такое рашэнне 28 верасня прыняла суддзя суда Слонімскага раёна Аксана Ануфрэня, піша „Газета Слонімская”.

23 жніўня жыльцы слонімскага інтэрната № 4 запрасілі журналістаў „Белсата” на сход, на якім прадстаўнікі Слонімскага гарадскога ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны былі растлумачыць ім парадак налічэння платы за карыстанне жылымі памяшканнямі.

З’яўленне прэсы выклікала незадаволенасць з боку прадстаўнікоў ЖКГ — яны адмянілі сустрэчу і выклікалі міліцыю. У выніку ў дачыненні да Чайчыц склалі пратакол аб правапарушэнні па ч. 2 арт. 22.9 КоАП (парушэнне закона аб СМІ — незаконны выраб медыяпрадукцыі).

На судовы разбор 28 верасня яна не прыйшла і пра рашэнне суда даведалася толькі ад мясцовых журналістаў, паведаміла БелаПАН Чайчыц.

„Звычайна я тэлефаную ў суд, і мне даюць інфармацыю пра тое, хто судзіў, які штраф. А ў гэты раз мне ў судзе сказалі, што па тэлефоне яны не могуць вызначыць, ці сапраўды я — Вольга Чайчыц, таму інфармацыю не далі. Хоць гэта адкрытая інфармацыя, і яны былі абавязаныя яе даць”, — сказала яна.

Паводле слоў журналісткі, яна пакуль не ведае, ці будзе абскарджваць рашэнне суда, хоць прызнае, што „ў гэтым мала сэнсу”.

З пачатку года гэта ўжо адзінаццаты раз, калі Чайчыц караюць штрафам за прафесійную дзейнасць. Агульная сума накладзеных на яе спагнанняў перавысіла 9 тыс. рублёў.

belapan.by