Журналістку выклікаюць у міліцыю за асвятленне сустрэчы са Святланай Алексіевіч
Гомельскую журналістку выклікаюць у міліцыю за асвятленне сустрэчы гомельцаў са Святланай Алексіевіч. У дачыненні да сябра «Беларускай асацыяцыі журналістаў» і карэспандэнткі газеты «Новы Час» Марыны Драбышэўскай распачатая адміністрацыйная справа за незаконны выраб інфармацыі.
Марына Драбышэўская і Яўген Меркіс (фота: belsat.eu)
Калега Марыны Драбышэўскай з газеты «Новы Час» Яўген Меркіс перакананы, што пераслед журналістаў каардынуецца на рэспубліканскім узроўні:
— Маю калегу Марыну Драбышэўскую, якая працуе на беларускую газету «Новы Час» выклікалі ў міліцыю да ўчастковага. На яе завялі справу за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. За тое, што яна асвятляла прыезд нобелеўскай лаўрэаткі ад Беларусі Святланы Алексіевіч у Гомель. Гэта адбылося яшчэ 12 жніўня, але чамусьці толькі цяпер, як па ўказцы, падобныя выклікі ў органы ўнутраных спраў атрымалі не толькі гомельскія журналісты, але і журналісты ў іншых гарадах.
Журналіст-фрылансер з Гомеля Марына Драбышэўская сёлета атрымала пракурорскае папярэджанне за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. 1 траўня яе затрымлівала міліцыя пасля санкцыянаванай уладамі акцыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель