Журналістку з Глыбокага Таццяну Смоткіну выклікаюць у міліцыю
Незалежную журналістку з Глыбокага, нашу калегу, Таццяну Смоткіну выклікаюць сёння, 26 лістапада, у міліцыю.
У позве пазначана, што яе выклікаюць у міліцыю як асобу, супраць якой вядзецца расследаванне. Журналістка звязвае гэта са сваёй прафесійнай дзейнасцю, а дакладней за матэрыял зроблены пра аграгарадок Язна.
– Людзі нас прасілі, каб мы напісалі пра іх праблемы, бо ў іх закрываюць яшчэ і аддзяленне Беларусбанка, таму што ўлады сказалі, што яно працуе толькі да 1 снежня. А людзі з гэтым былі нязгодныя. Яны прайшлі ўсе патрэбныя інстанцыі. І папрасілі яшчэ і нас, каб мы апублікавалі адкрыты ліст да самога кіраўніка краіны. Пасля, як мы з’ехалі, у той жа дзень, увечары ў людзей ужо была міліцыя. Людзі нам патэлефанавалі. Міліцыя рабіла апытанку: хто прыязджаў, якія журналісты, што яны пыталіся ў людзей?
Падобнае «запрашэнне» ў Глыбоцкую міліцыю атрымаў і журналіст Зміцер Лупач. Таццяну Смоткіну ўжо неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за матэрыялы, размешчаныя на сайце нашага радыё.
Раней незалежная журналістка была прызнана вінаватай у парушэнні заканадаўства аб СМІ за супрацу з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя