Журналісцкая салідарнасць са збітым міліцыянтамі калегам
Калегі збітага журналіста сабралі 182 подпісы пад зваротам да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч і генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.
У звароце журналісты звяртаюць увагу на відавочнае парушэнне заканадаўства з боку супрацоўнікаў міліцыі ў выпадку з журналістам партала tut.by Паўлам Дабравольскім.
У прыватнасці, аўтары звароту просяць Міністэрства інфармацыі выказаць сваю пазіцыю адносна недапушчальнасці перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, і давесці яе да МУС і ўсіх яго структурных падраздзяленняў.
Генеральнага пракурора – узяць на кантроль хаду, паўнату, аб’ектыўнасць, бесстароннасць і законнасць правядзення праверкі па заяве Паўла Дабравольскага аб прыцягненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прадугледжанай законам адказнасці, а таксама прыняць меры папярэджання паўтору падобных фактаў надалей, – паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Пад зваротам свае подпісы паставілі 182 журналісты друкаваных і электронных СМІ. У панядзелак удзень журналісты аднеслі зварот у Міністэрства інфармацыі. Лілія Ананіч і яе намеснік Сяргей Хільман адмовіліся прыняць яго асабіста і адправілі журналістаў рэгістраваць дакумент. Аналагічным чынам дакумент быў зарэгістраваны і ў Генеральнай пракуратуры.
Як падкрэслівае прэсавы сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі, у гэтай сітуацыі журналісцкая супольнасць выявіла сваю салідарнасць:
– На мой погляд, гэта вельмі добра, што журналісты праявілі такую небывалую салідарнасць. Гэты выпадак ён сплаціў журналістаў, амаль 200 чалавек падпісаліся пад зваротам, таксама многія людзі падпісвалі індывідуальныя звароты. Значыць людзям вельмі важна дайсці да праўды, паказаць чыноўнікам, што нельга проста так у цэнтры Еўропы, а яшчэ ў будынку суда, збіваць каго-колечы, а тым больш журналіста ў час выканання ім сваіх прафесійных абавязкаў.
Журналістка партала tut.by Алёна Шарамет-Андрэева, аўтарка звароту, пагаджаецца з гэтым меркаваннем:
– Справа ў тым, што столькі подпісаў даўно не перадавалася ў дзяржаўныя ўстановы, менавіта ў справах журналістаў. І мне вельмі прыемна, што адгукнуліся калегі і з недзяржаўных СМІ, і з дзяржаўных СМІ, штам прыходзіла студэнтаў журфаку, якія адкрыта падпісваліся як студэнты журфаку. Я прынцыпова прытрымліваюся пазіцыі, што нельга біць людзей.
“Я асабіста сядзела і падлічвала, колькі было выпадкаў са збіццём журналістаў за апошнія 10 гадоў, і гэта больш за 30 выпадкаў”.
І мне здаецца, што гэта сумная статыстыка. І калі на гэтую сістэму “ціснуць”, то яны зразумеюць, што нельга біць людзей.
РР: Як вы мяркуеце, наколькі вось гэтая праява журналісцкай салідарнасці, гэтыя звароты, могуць прымусіць адпаведныя ворганы ўрэшце “адкруціць назад” гэтую сітуацыю?
Барыс Гарэцкі:
– Мы вельмі спадзяваліся, што МУС, міліцыя, яны адразу прызнаюць сваю памылку, скажуць, што нашыя хлопцы пагарачыліся і мы іх пакараем, каб сцішыць гэтую хвалю. Але міліцыя пайшла яшчэ далей, калі ў самы першы дзень распаўсюдзіла інфармацыю, што нібыта Дабравольскі сам вінаваты, нібыта ён незаконна там пранік у нейкае памяшканне і перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі. Канешне, такога не было. На жаль, мы чакалі ад міліцыянтаў іншага. Але цяпер спадзяемся, што органы змогуць разабрацца ў гэтай сітуацыі, прынамсі, калі не сама міліцыя, то Следчы камітэт і пракуратура, якія стаяць над ёй. Яны павінны заўважыць урэшце відавочнае.
Алёна Шарамет-Андрэева:
– Я не бяруся рабіць прагназоў. Я раблю тое, што лічу патрэбным. І лічу патрэбным прынамсі праінфармаваць міністра інфармацыі, якая сёння досыць рэзка адрэагавала на нашае з’яўленне ў калідорах міністэрства, развярнулася і зыйшла. Нават у пракуратуру нам сказалі, што яны ў курсе сітуацыі і стаўленне там да нас было больш прыязным, чым у Міністэрстве інфармцыі.
Прыгадаем, што сёлета 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна Менска супрацоўнікі міліцыі і сілавых структур жорстка збілі выдаленых з залы суда грамадскіх актывістаў і журналіста партала TUT.by Паўла Дабравольскага, які фіксаваў інцыдэнт на відэа.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.