Журналістцы Ірыне Новік прысудзілі штраф 25 базавых велічынь
Суд Ленінскага раёна Гародні паўторна разгледзеў справу журналісткі Hrodna.life Ірыны Новік. Справа журналісткі ўжо аднойчы разглядалася ў гэтым судзе, але суд вышэйшай інстанцыі (абласны суд) адправіў справу на перагляд. Справа тычыцца перадруку з канала Нехты.
Казус гэтага судовага паседжання ў тым, што ён адбываўся без Ірыны Новік, якая лечыцца за мяжой:
– Зараз цяжка меркаваць пра тое, ці было гэта юрыдычна правільна ці не. Я напісала заяву ў суд з просьбай перанесці судовае пасяджэнне, таму што я зараз за мяжой. Па стане здароўя я праходжу лячэнне. За пару гадзін да пасяджэння я атрымала ліст ад суда, які прасіў мяне пацвердзіць дакументальна сваё захворванне і патлумачыць неабходнасць лячэння. Канешне, за пару гадзін да пасяджэння я гэтыя дакументы сабраць не паспела.
Па словах рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты, рэдакцыя будзе абскарджваць гэты прысуд:
– Наша пазіцыя заўсёды была такая, што мы мусім ісці па ўсіх гэтых прыступках-узроўнях аспрэчвання. Бо інакш мы пагаджаемся з рашэннем суда, а мы лічым яго незаконным і несправядлівым. Таму мы абавязкова будзем абскарджваць.
Выданне Hrodna.life ужо неаднаразова штрафавалі, яны прайшлі праз ператрусы і канфіскацыю тэхнікі, аднак рэдакцыя працягвае сваю працу.
Беларускае Радыё Рацыя