Журналісту Андрэю Аляксандраву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву не змянілі меру стрымання — ён застаецца пад вартай.
Гэта вынікае з таго, што 12 сакавіка ён не выйшаў на волю. Тэрмін, на які Аляксандраву працягнулі ўтрыманне пад вартай, пакуль невядомы.
Яго дзяўчына Ірына Злобіна, хутчэй за ўсё, таксама застаецца за кратамі.
Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня — яны перасталі выходзіць на сувязь каля 14.00. 14 студзеня ў рамках расследавання справы Аляксандрава прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014—2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна падазраюцца сілавікамі ў фінансаванні пратэставай дзейнасці. „Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэставых акцыях на тэрыторыі горада Менска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”, — заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў былі дадзеныя фондам By_Help.
Аляксандрава абвінавачваюць паводле ч. 1, 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці). У той жа час праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з’яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Як растлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, яго мэты і намер былі б накіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за здзяйсненне канкрэтных дзеянняў.
„У дадзеным выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасцю, таму што грошы былі сабраныя людзьмі, для таго каб каму-небудзь дапамагаць. Гэта законная дзейнасць. У дадзеным выпадку нават з боку падатковых органаў не магло быць ніякіх пытанняў”, — падкрэсліў Стэфановіч.
Ён лічыць выстаўленае абвінавачанне недарэчным і звязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасцю Аляксандрава. Таксама, паводле слоў Стэфановіча, артыкул 342, паводле якога абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, і для ўзяцця абвінавачванага пад варту следству патрэбная сур’ёзная матывіроўка — што Аляксандраў небяспечны для грамадства, ці што ён можа ўздзейнічаць на сведак і пацярпелых, ці яшчэ штосьці. „Як я разумею, ніякай матывацыі ў дадзеным выпадку не было”, — сказаў ён.
Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну палітвязнямі.